Лукашэнка зрабіў больш жорсткімі правілы працы казіно

23.11.2010 10:21
Архив

У Беларусі ўдасканальваецца парадак ажыццяўлення дзейнасці ў сферы гульнёвага бізнэсу. Адпаведны ўказ № 599 падпісаў прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. У адпаведнасці з дакументам з 2011 года дзейнасць у сферы гульнёвага бізнэсу ажыццяўляюць выключна юрыдычныя асобы Рэспублікі Беларусь.

«Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія маюць спецыяльны дазвол (ліцэнзію) на ажыццяўленне дзейнасці ў сферы ігральнага бізнэсу, абавязаны да 1 сакавіка 2011 здаць у ліцэнзуючы орган арыгінал такога дазволу (ліцэнзіі), яго дублікат і копіі, завераныя ліцэнзуючым органам», — гаворыцца ва ўказе.

Рэалізоўваць дзяржаўную палітыку і каардынаваць дзейнасць рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у гэтай сферы будзе міністэрства па падатках і зборах.

Указ удакладняе абмежаванні па размяшчэнні гульнёвы ўстаноў

З 2011 года залы гульнёвых аўтаматаў у Беларусі можна будзе размяшчаць толькі ў памяшканнях агульнай плошчай не меней за 100 квадратных метраў, а казіно — не меней за 250 квадратных метраў. Гэтае абмежаванне не закране толькі гульнёвыя ўстановы ў гатэлях і гасцінічных комплексах катэгорыі «тры зоркі» і вышэй.

Таксама будзе забаронена размяшчаць гульнёвыя ўстановы ў капітальных будынках, дзе знаходзяцца ўстановы адукацыі, дзяржаўныя арганізацыі аховы здароўя, рэлігійныя арганізацыі, у жылых дамах, памяшканнях дзяржорганаў, банкаў і іншых крэдытна-фінансавых арганізацый, аддзяленнях пошты і электрасувязі, санаторыях і іншых аздараўленчых арганізацый, культурных і фізкультурна-спартовых збудаваннях (акрамя букмекерскіх кантор і таталізатараў).

Пры гэтым гульнёвыя ўстановы павінны размяшчацца толькі ў капітальных будынках (будынках, збудаваннях), займаць гэтыя будынкі цалкам альбо іх ізаляваныя памяшканні.

Для гульнёвых устаноў, размешчаных на 1 студзеня 2011 года ў месцах, якія не адпавядаюць указаным патрабаванням, устаноўлены пераходны перыяд. Ім дадзена права ажыццяўляць сваю дзейнасць да заканчэння тэрміну дзеяння спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) без права яго падаўжэння, але не пазней за 1 ліпеня 2012 года.

Указ павялічвае працэнт выйгрышу ў гульнявых аўтаматах

У адпаведнасці з дакументам 1 красавіка 2011 года сярэдні працэнт выйгрышу ў дапушчаных да выкарыстання ў Беларусі гульнявых аўтаматах павінен складаць не менш за 90%.

Акрамя таго, з 1 ліпеня 2012 года ўводзіцца ў эксплуатацыю адмысловая кампутарная касавая сістэма, якая дасць магчымасць у рэжыме рэальнага часу поўнасцю кантраляваць фінансавыя патокі гульнёвых устаноў, а таксама рэалізаваць праграму «абароны гульца», абмежаваўшы доступ да азартных гульняў непаўналетніх і іншых катэгорый грамадзян, вызначаных заканадаўствам, распавялі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Падатак на гульёнвы бізнэс будзе спаганяцца без прывязкі да еўра

Указ прэзідэнта таксама ўдакладняе правы арганізатараў азартных гульняў. Так, з 2011 года стаўкі падатку на гульнёвы бізнэс будуць устанаўлівацца не ў еўра, а ў беларускіх рублях без дыферэнцыяцыі ў залежнасці ад месца размяшчэння аб’ектаў падаткаабкладання і колькасці гульнявога абсталявання.

З 1 студзеня арганізатары азартных гульняў атрымліваюць права забараняць доступ у гульнёвыя ўстановы наведнікаў у выпадках неаднаразовага парушэння правілаў наведвання гульнёвых устаноў або выкарыстання тэхнічных прыладаў, якія аказваюць уздзеянне на выпадковы вынік азартных гульняў.