Лукашэнку пераабралі кіраўніком НАК Беларусі

12.04.2010 11:36
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пераабраны на чарговы тэрмін на пасаду прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі. Такое рашэнне аднагалосна прынялі 9 красавіка ўдзельнікі алімпійскага сходу ў Мінску. Пасля перавыбрання кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб на Алімпіядах у Лондане і Сочы Беларусь увайшла ў дзясятку лідараў па колькасці медаляў.

Першым віцэ-прэзідэнтам НАК абраны памочнік прэзідэнта па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Ігар Заічкаў. Намеснікамі кіраўніка НАК сталі Генадзь Аляксеенка і Сяргей Цяцерын, паведамляе БелТА.

У склад выканкама НАК увайшлі Андрэй Асташэвіч, Юрый Бародзіч, Алег Качан, Эліна Зверава, Георгій Катулін, Мікалай Купцоў, Марына Лобач і Аляксей Мірашнічэнка.

Удзельнікі алімпійскага сходу абралі ў ганаровыя члены Нацыянальнага алімпійскага камітэта вядомых у мінулым спартоўцаў: фехтавальшчыкаў Алену Бялову і Мікалая Алёхіна, лёгкаатлетку Марыю Іткіну і штангіста Валера Шарыя.

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што для Беларусі ўвайсці ў дзясятку спартовых дзяржаў «цалкам рэальна, калі распачаць энергічныя крокі да кардынальнага паляпшэння ўсёй спартовай галіны краіны». «У нас ёсць для гэтага ўмовы, і людзей хапае. Вы павінны даць на летніх Алімпійскіх гульнях 25 медалёў, і пяць з іх — залатых. За гэту лічбу мы павінны ўчапіцца. Я ж не прашу ў вас 100 медалёў. Дайце 25 на летняй Алімпіядзе і да 5 на зімовых Алімпійскіх гульнях», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Беларускі лідар падкрэсліў, што для дасягнення такіх вынікаў у краіне «маюцца ўсе ўмовы, будуюцца сучасныя спартовыя аб’екты, у спорт укладваюцца каласальныя сродкі, аднак пры гэтым няма адпаведнай аддачы».

«Мы топчамся на месцы і не дасягаем маштабнага прагрэсу ў спорце. Такое становішча асабіста мяне катэгарычна не задавольвае!» — заявіў прэзідэнт. «Памятаю, прасілі ў мяне крыты футбольны манеж. Пабудавалі. Дзе чэмпіёны? — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да прысутных. — Так, ёсць праблемы. Але чаму пры агульных методыках у адных атрымліваецца даваць высокія вынікі, а ў іншых не?».

Па меркаванні кіраўніка дзяржавы, у беларускім спорце «бракуе элементарнага: дысцыпліны, добрасумленнасці і адказнасці перад сваёй краінай». Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў першым чынам ад службоўцаў і функцыянераў дысцыпліны і парадку.

«У нас ёсць умовы, каб Беларусь у спорце ажыццявіла прыкладна такі ж прарыў, як Кітай і Карэя», — сказаў прэзідэнт Беларусі.

Как вам новость?
Головоломки