Лукашэнку турбуюць рэвалюцыі ў Паўночнай Афрыцы

31.05.2011 14:06
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што цяперашняя сітуацыя ў Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе сведчыць пра важнасць рэгіянальнага фармату бяспекі. У сувязі з гэтым беларускі лідар лічыць неабходным павысіць міжнародны аўтарытэт Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) як рэгіянальнай структуры, што эфектыўна падтрымлівае бяспеку на постсавецкай прасторы.

«Нестабільнасць у адной дзяржаве здольная выклікаць эскалацыю напружанасці і дэстабілізацыю ў суседніх краінах. Адсутнасць скаардынаванай палітыкі і выразна выбудаванай сістэмы калектыўнай бяспекі, на вялікі жаль, часта прыводзіць да катастрафічных наступстваў», — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў ходзе сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый, якія ўдзельнічаюць у пасяджэнні Рады міністраў замежных спраў краін-членаў АДКБ.

Паводле слоў прэзідэнта Беларусі, у цяперашніх умовах дзяржавам-членам АДКБ асабліва важна каардынаваць свае дзеянні на міжнароднай арэне. «Менавіта міністры замежных спраў павінны гуляць ключавую ролю ў збліжэнні пазіцый, выпрацоўцы адзіных падыходаў і адстойванні агульных інтарэсаў», — цытуе Аляксандра Лукашэнку БелТА.

Кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць, што краіны АДКБ сумеснымі намаганнямі змогуць «зрабіць якасны рывок у забеспячэнні бяспекі на постсавецкай прасторы». Для гэтага, на думку прэзідэнта, неабходныя «палітычная воля, ўзаемнае давер і гатоўнасць ісці на пэўныя кампрамісы дзеля аб’яднання сіл».

«Ініцыятывы, якія, можа быць, на першы погляд і вельмі востра пастаўлены, — гэта не выдумка Беларусі, а ўсё тое, што ўжо набалела. Камусьці трэба было паставіць гэтыя пытанні ў аснову, калі мы лічым, што гэтая арганізацыя не толькі адбылася, але і мае перспектывы свайго развіцця», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён запэўніў, што будзе настойваць на разглядзе ініцыятыў Беларусі і іх практычнай рэалізацыі.

Как вам новость?
Головоломки