Лукашэнку забаранілі ўезд у Кракаў

04.03.2010 09:33
Архив Редакция

Гарадская рада Кракава прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку персонай нон-грата ў старажытнай сталіцы Польшчы. Як паведамляе Польскае агенцтва друку, дэпутаты гаррады абмеркавалі пытанне пра ўціск палякаў у суседняй Беларусі і вынеслі яго на галасаванне.

«У сувязі з сітуацыяй, якая склалася вакол палякаў ў Беларусі, працягам пераследаў, сталым парушэннем грамадзянскіх правоў і правоў чалавека ўладамі гэтай краіны, Гарадская рада Кракава ў знак салідарнасці з нашымі суайчыннікамі ў Беларусі, прызнае цяперашняга лідара гэтай краіны Аляксандра Лукашэнку персонай нон-грата ў Кракаве да спынення парушэнняў дэмакратычных і еўрапейскіх стандартаў у Беларусі», — сказана ў заяве. За прыняцце рэзалюцыі выказалася большасць дэпутатаў.

Яны адзначылі, што ўсведамляюць малаважны эфект ад такога кроку, але ён дэманструе падтрымку палякаў, якія жывуць у Беларусі. «Мы разумеем, што наша рэзалюцыя не вырашае праблему, але лічым, што кожная акцыя ў гэтым кірунку з’яўляецца абгрунтаванай», — сказаў ініцыятар рэзалюцыі, беспартыйны дэпутат Дарыюш Альшуўка.

Нагадаем, дыпламатычны скандал паміж Беларуссю і Польшчай разгарэўся напачатку лютага з-за канфлікту, які ўзнік вакол Дома польскага ў горадзе Івянец (Мінская вобласць).

Восьмага лютага ў Доме з’явіліся супрацоўнікі міліцыі і судовыя выканаўцы і прыступілі да вопісу маёмасці. Сам будынак быў абкружаны міліцыяй. Актывісты непрызнанага ўладамі Саюза палякаў па патрабаванні міліцыі пакінулі будынак.

Саюз палякаў Беларусі быў утвораны ў 1990 годзе і аб’яднаў польскія культурна-асветніцкія таварыствы ў краіне. У 2005 годзе Саюз раскалоўся. Частка яго, лаяльная ўладам, з’яўляецца афіцыйна прызнанай. Актывісты непрызнанага СПБ на чале з Анжалікай Борыс знаходзяцца ў апазіцыі да дзейснай улады.

15 лютага Анжаліка Борыс была аштрафавана на 1,05 млн. рублёў за арганізацыю і ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, які прайшоў у Гродна дзясятага лютага.

Пазней у Беларусі працягнуліся арышты палякаў. У прыватнасці, 17 лютага паліцыя затрымала каля 20 актывістаў непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі. Сойм Польшчы абвінаваціў Мінск у парушэнні правоў нацменшасцяў, а Еўрапейскі Саюз заявіў пра гатовасць увесці санкцыі супраць Беларусі ў выпадку ўціску польскай этнічнай меншасці.

Польскі прэзідэнт Лех Качынскі накіраваў пасланне Аляксандру Лукашэнка, у якім адзначаецца, што «арышты, спробы запалохвання і намер адабраць уласнасць у асобаў польскага паходжання ставяць пад сумнеў неаднаразовыя запэўненні Беларусі пра сяброўскі характар польска-беларускіх адносін». Тым не менш, у Мінску сваю пазіцыю дагэтуль не змянілі.

Крыніца: Карэспандэнт.net
Па матэрыялах: РІА Навіны
 

Как вам новость?
Головоломки