Ліхавы: таваразварот Украіны і Беларусі трэба вярнуць на дакрызісны ўзровень

31.03.2010 16:01
Архив Редакция

Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавы падчас сустрэчы са спікерам беларускага парламента Ўладзімірам Андрэйчанкам заявіў пра тое, што сёлета таваразварот паміж дзвюма краінамі трэба вярнуць на дакрызісны ўзровень да пяці мільярдаў даляраў. Такую заяву амбасадар зрабіў з нагоды сканчэння яго дыпламатычнай місіі ў Беларусі.

«Тры гады працы ў Беларусі былі няпростымі, але не з прычыны штучных складанасцяў, а ў выніку таго, што ўзровень адносін паміж краінамі ўвесь час патрабаваў іх падвышэння, — адзначыў Ігар Ліхавы. — Праца была вельмі адказнай, таму што Беларусь не тая краіна, дзе можна спакойна адбываць час у чаканні падвышэння па пасадзе».

Па словах амбасадара, адносіны Беларусі і Ўкраіны былі шмат у чым паказальнымі для амбасадараў Украіны ў іншых еўрапейскіх і азіяцкіх краінах, якія глядзелі «з добрай рэўнасцю», перадае БелТА.

Ігар Ліхавы падкрэсліў высокі ўзровень палітычных адносін паміж дзвюма краінамі. «Ужо сёлета адбыўся афіцыйны візіт прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнка ва Ўкраіну. Яго важнасць ацанілі нават кіроўцы на Крэшчаціку, якія насуперак сваёй звычцы не сігналілі абурана, калі перакрывалі дарогу для картэжа прэзідэнта Беларусі», — нагадаў амбасадар.

Напрыканцы Ігар Ліхавы сказаў, што «хацеў выбудаваць падмурак даверу паміж краінамі, народамі і рэгіёнамі». «Менш за ўсё хацелася, каб Беларусь і Ўкраіна былі канкурэнтамі. Хацелася б, каб яны былі партнёрамі», — падкрэсліў амбасадар Украіны.

У сваю чаргу, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка таксама заявіў, што ў Беларусі і Ўкраіны ёсць патэнцыял для нарошчвання эканамічных адносін. Па словах спікера парламента, краіны пайшлі па шляху стварэння сумесных вытворчасцяў і пашырэння дылерскай сеткі, напрыклад, за апошні год з’явілася 100 новых дылераў.

«Гэта дазволіла нароўні з іншымі мерамі павялічыць таваразварот паміж Беларуссю і Ўкраінай з пачатку 2010 года на 25%», — сказаў Уладзімір Андрэйчанка.

Как вам новость?
Головоломки