Магілёўскі падлетак рассакрэціў хакера з Докшыцаў

23.04.2010 13:23
Архив Редакция

Старэйшы следчы следчага ўпраўлення папярэдняга расследавання УУС Віцебскага аблвыканкама Іван Сотнікаў паведаміў, што дзякуючы 14-гадоваму падлетку з Магілёву міліцыі ўдалося затрымаць хакера з Докшыцаў (Віцебская вобласць). "Юны карыстальнік інтэрнэту рассакрэціў хакера і змясціў поўную інфармацыю пра яго на сваім сайце", — расказаў следчы.

Па дадзеных міліцыі, 24-гадовы хлопец працаваў цесляром і ў вольны час распрацоўваў кампутарныя праграмы. «Аднойчы гэтае інтэлектуальнае хобі выйшла за рамкі законнасці: малады чалавек стварыў шкодную праграму, якая дазваляе аддалена кіраваць чужым кампутарам», — паведаміў Іван Сотнікаў, перадае БелТА.

«Каб падчапіць яе, дастаткова было наведаць сайт, на якім прапаноўваўся бясплатны доступ да фільмаў, і запампаваць архіў. Такім чынам, злачынец атрымаў доступ да 20 кампутараў і ўсёй захаванай на іх інфармацыі, канфідэнцыйных дадзеных уладальнікаў, якія пражываюць у розных рэгіёнах Беларусі», — адзначыў следчы.

Па дадзеных праваахоўных органаў, пацярпелым ад яго дзеянняў беларусам пашанцавала, бо хакер дзейнічаў «з чыстай цікаўнасці і не скарыстаўся атрыманымі дадзенымі ў карыслівых ці асабістых мэтах».

За стварэнне шкодных праграмаў малады чалавек заплаціць 10,5 млн. рублёў, паведамілі ў міліцыі.

Как вам новость?