Магілёўскіх чыноўнікаў АПК судзяць за прыпіскі

22.06.2010 11:51
Архив Редакция

Супрацоўнікі дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Магілёўскай вобласці выявілі масавыя прыпіскі ў сферы аграпрамысловага комплексу. Так, штрафам у памеры 2,1 млн. рублёў з пазбаўленнем права займаць на працягу года кіруючыя пасады пакараны былы старшыня СВК "Чырвоны маяк" Хоцімскага раёна, які даў указанне схаваць смерць 29 галоў маладняку буйной рагатай жывёлы.

Каля паўтара мільёна рублёў штрафу па прысудзе суду павінна выплаціць аграномка калгаса «Іскра» таго ж раёна, якая, даючы справаздачу аб завяршэнні ўзворвання зябі, прыпісала лішніх 640 гектараў, паведамляе газета «Рэспубліка».

Штрафныя санкцыі за парушэнне статыстычнай справаздачнасці былі прымененыя да былога дырэктара ААТ «Крычаўраёнаграпрамтэхзабеспячэнне». Галоўнаму аграному сельгаспрадпрыемства «Шарэйкі» Касцюковіцкага раёна таксама давядзецца выплаціць штраф за непраўдзівыя звесткі аб засеяных плошчах.

Як заявіў начальнік аддзела ДФР вобласці Аляксандр Шаройкін, прыпіскі ў сельскай гаспадарцы рэгіёну дастаткова частыя. Кіраўнікі такім спосабам спрабуюць пазбегнуць адказнасці за невыкананне пастаўленых вытворчых задач.

Па словах Аляксандра Шаройкіна, у мінулым годзе і пачатку гэтага, за паданне загадзя непраўдзівай інфармацыі аб смерці жывёлы, падчас пасяўной і ўборачнай кампаній на Магілёўшчыне ўзбуджана восем крымінальных справаў.

Как вам новость?
Головоломки