Макей: "крыніца ў Крамлі" дэзінфармуе грамадства

13.06.2011 15:50
Архив Редакция

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Уладзімір Макей назваў абсалютнай лухтой паведамленні расійскіх СМІ аб увядзенні беларускімі ўладамі абмежаванняў у дачыненні да іх. "У чарговы раз неназваная "крыніца ў Крамлі" інфармуе, дакладней — дэзінфармуе, грамадскасць аб тым, што хтосьці ў Беларусі робіць нешта дрэннае супраць Расіі", — сказаў ён.

Паводле слоў Уладзіміра Макея, «гэта ўжо стала дрэннай традыцыяй з боку нашых сяброў». «Заўважце, і крыніца хаваецца за маскай, і канкрэтныя абмежавальныя меры не называюцца. Таму што іх няма і звання. Гэта — абсалютная лухта», — сказаў ён, перадае БелТА.

Чыноўнік паведаміў, што ў Беларусі бесперашкодна распаўсюджваюцца і працуюць усе расійскія СМІ. «Наадварот, з улікам нашых блізкіх адносінаў мы закрываем вочы на адкрытыя парушэнні шэрагам расійскіх СМІ беларускіх законаў, ды і проста чалавечай маралі і журналісцкай этыкі. Калі спатрэбіцца, мы можам апублікаваць канкрэтныя факты падрыхтоўкі некаторымі акрэдытаванымі ў Беларусі расійскімі СМІ негатыўных матэрыялаў аб нашай краіне па ўказцы зверху. Прычым з канкрэтнымі імёнамі», — сказаў ён.

«Калі мы — сябры, то і размаўляць трэба непасрэдна адзін з адным адкрыта, прама і шчыра, а не хавацца за маскай і запускаць у прэсу дэзінфармацыю з элементамі адкрытага шантажу», — адзначыў кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Беларусі.

Як раней паведамляў Тэлеграф, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 траўня на нарадзе аб сітуацыі на валютным і спажывецкім рынку загадаў закрыць замежныя СМІ, што працуюць у Беларусі. «Я не буду іх называць, каб не ствараць ім рэйтынг. Але зрабіце ўсё, каб больш гэтыя СМІ не прысутнічалі на нашай тэрыторыі», — заявіў ён.

Выказванні беларускага прэзідэнта аб расійскіх медыя «выклікаюць глыбокае шкадаванне», сказаў афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Аляксандр Лукашэвіч. «Наўрад ці гэта дапаможа стваральнай працы, паляпшэнню атмасферы расійска-беларускіх адносін, рэалізацыі нашых важных дамоўленасцяў. Гэта можа толькі нашкодзіць», — заўважыў ён.

Как вам новость?
Головоломки