Макей: у Беларусі ёсць унікальны шанец палепшыць адносіны з ЕС

04.11.2010 10:29
Архив Редакция

У Беларусі ёсць унікальны шанец для вываду стасункаў з Еўрапейскім Саюзам на якасна новы ўзровень. Аб гэтым 3 лістапада заявіў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Уладзімір Макей на адкрыцці 13-га Мінскага форуму. "Я з аптымізмам гляджу на адносіны Беларусі і Германіі, Беларусі і ЕС. Перакананы, што заўтра ў нас будзе нармальнае, светлае", — адзначыў ён.

Паводле слоў Уладзіміра Макея, «сёння няма сэнсу шукаць вінаватых у страчаных магчымасцях, а важна засяродзіцца на рэалізацыі таго велізарнага патэнцыялу, які існуе ў адносінах паміж Беларуссю і Еўрасаюзам», перадае БелТА.

«Рады канстатаваць, што гэты працэс ужо пачаўся. Беларусь з’яўляецца зацікаўленым і актыўным удзельнікам ініцыятывы ЕС «Усходняе партнёрства», наладжваецца палітычны дыялог на розных узроўнях, ажыццяўляюцца галіновыя кантакты», — сказаў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

Так, паводле яго слоў, з’явіліся зрухі ў пытанні зняцця бар’ераў на шляху міжасобасных кантактаў. Напрыклад, Беларусь падпісала з суседнімі дзяржавамі-чальцамі ЕС пагадненні аб спрошчаным памежным перамяшчэнні грамадзян. На думку Уладзіміра Макея, гэта «бясспрэчныя прыкметы пачатку руху насустрач адно адному».

Макей: нямецкі досвед асабліва запатрабаваны ў Беларусі

Па словах кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі, палітычны і эканамічны досвед ЕС і, у прыватнасці, Германіі сёння асабліва запатрабаваны ў Беларусі. Так, ключавым момантам кампаніі па правядзенні ў Беларусі прэзідэнцкіх выбараў і беларускай стратэгіяй ў цэлым з’яўляецца ідэя «дабрабыту для ўсіх», якую высунуў эканаміст і федэральны канцлер Германіі Людвіг Эрхард, заявіў Уладзімір Макей.

Ён таксама адзначыў, што, прытрымліваючыся дадзенага прынцыпу, Беларусь мае намер забяспечыць «прадпрымальніцкую свабоду і магчымасць прыкладання сіл кожнаму грамадзяніну», выканаць сацыяльныя абавязацельствы. На думку чыноўніка, галоўным цяпер з’яўляецца якасны прарыў беларускай эканомікі, якая перажывае асаблівы перыяд структурных рэформаў і мае патрэбу ў нямецкіх інвестыцыях, новых тэхналогіях, дапамогі ў падрыхтоўцы кадраў, перадавым вопыце.

Уладзімір Макей падкрэсліў, што Беларусь з дапамогай замежных партнёраў ўжо змагла пераадолець сусветны эканамічны крызіс, аднак краіне ўсё яшчэ «трэба старанна набліжэнне да еўрапейскіх стандартаў якасці жыцця».

Макей: да поўнай нармалізацыі адносін з ЕС яшчэ шмат крокаў

Уладзімір Макей выказаў шкадаванне, што да поўнай нармалізацыі ўзаемадзеяння неабходна зрабіць яшчэ дастаткова шмат крокаў, бо Беларусь да гэтага часу папракаюць ў недастатковай дэмакратычнасці, не адпаведнасці агульнаеўрапейскім каштоўнасцям і ў рэгрэсе ў адносінах з ЕС.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта назваў такія заявы безадказнымі, адзначыўшы, што за апошнія два гады ўзноўленага дыялогу з Еўропай у Беларусі адбыліся сур’ёзныя паступальныя змены. На яго думку, гэта з’яўляецца галоўным аргументам на карысць далейшага развіцця ўсебаковага дыялогу, супрацоўніцтва і паўнавартаснага ўцягвання Беларусі ў агульнаеўрапейскія працэсы.

«Курс беларускага кіраўніцтва на рэформы нязменны. Ні аб якім рэгрэсе з нашага боку ў выбудоўванні дыялогу з Еўрасаюзам гаворкі не ідзе. Праводзіцца планамерны рух у кірунку мадэрнізацыі і дэмакратызацыі грамадства. Іншага шляху для такой адкрытай краіны, як Беларусь, проста не існуе», — заявіў Уладзімір Макей.

Ён таксама адзначыў, што пры дапамозе эканамічных зменаў у краіне могуць адбыцца і змены ў палітычным жыцці, аднак прыспешваць іх не варта, каб не атрымаць негатыўнага выніку. Па словах кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта, беларускае грамадства павінна само саспець для якіх-колечы пераменаў, у сувязі з чым чарговасць і прыярытэт рэалізацыі паўсталых перад краінай задач народ будзе вызначаць самастойна, зыходзячы са сваіх інтарэсаў. На яго думку, пераўтварэнні павінны саспяваць унутры краіны, а не навязвацца звонку. «Трэба спакойна падтрымліваць дыялог адно з адным, і тады мы прыйдзем да той мэты, якую кожны бок перад сабой ставіць», — заявіў Уладзімір Макей.

Макей: ЕС не змог перажыць інэрцыйную логіку

«ЕС так і не змог да канца пераадолець інэрцыйную логіку і адмовіцца ад аджыдлай практыкі абмежаванняў», — заявіў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.
 
«Беларусь мае права чакаць ад Еўрасаюза больш канструктыўных крокаў. Гэта і спрашчэнне візавага рэжыму, і канчатковая адмена санкцый, распрацоўка пашыранага пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве», — сказаў Уладзімір Макей, адзначыўшы, што Беларусь гатовая «да сумленнага, адкрытага абмеркавання ўсяго спектру пытанняў у адносінах з Еўрасаюзам», але толькі на раўнапраўнай і паважлівай аснове.

Чыноўнік назваў няслушнай чакальную пазіцыю некаторых замежных партнёраў, якія вырашылі спачатку дачакацца вынікаў выбараў, а потым думаць, як развіваць адносіны з Беларуссю. На яго думку, яны могуць выпусціць рэальны шанец для наладжвання сапраўды ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Беларуссю. «Давайце не будзем паўтараць ранейшыя памылкі, а будзем вучыцца на іх. Кіраўніцтва Беларусі само, як ніхто іншы, зацікаўлена ў правядзенні адкрытых і празрыстых выбараў», — падкрэсліў Уладзімір Макей.

«Будаўніцтва адзінай дэмакратычнай, бяспечнай і стабільнай Еўропы без нашай краіны будзе як мінімум незавершаным. Мы за Еўропу без раздзяляльных ліній, свабодную ад блокавага мыслення», — падсумаваў кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі.

Как вам новость?