Малерыюс: ход перадвыбарнай кампаніі пакінуў дваістае адчуванне

27.04.2010 11:36
Архив Редакция

Выбары ў мясцовыя саветы ў Беларусі зацікавілі еўрапейскіх экспертаў, у першую чаргу ў сувязі з тым, што гэта былі першыя выбары, праведзеныя пасля ўнясення зменаў у выбарчы закон, на якіх настойваў Еўрасаюз. Пра гэта заявіў кіраўнік вільнюскага бюро фонду імя Конрада Адэнаўара Штэфан Малерыюс.

«Было важна зразумець, як будзе ўжыты гэты закон. Пра вынікі выбараў казаць яшчэ рана. Але ход перадвыбарнай кампаніі пакінуў дваістае адчуванне. Так, у кандыдатаў была магчымасць весці перадвыбарную барацьбу, кандыдатаў ад апазіцыі было зарэгістравана больш, чым дагэтуль. І ў выбарчыя камісіі патрапіла ўдвая больш прадстаўнікоў апазіцыі, чым раней», — расказаў у інтэрв’ю  Deutsche Welle Штэфан Малерыюс, кіраўнік вільнюскага бюро фонду імя Конрада Адэнаўара.

На думку эксперта, усё ж сур’езна казаць пра ўплыў апазіцыі на працу выбарчых камісій нельга. «На мінулых выбарах апазіцыі належала 0,07% месцаў у камісіях, цяпер удвая больш — 0,14%. Гэта значыць, рэальна незалежнага кантролю над ходам выбараў і падлікам галасоў не было».

Кіраўнік вільнюскага бюро фонду імя Конрада Адэнаўара паведаміў аб тым, што яму вядома пра ціск на апазіцыйных кандыдатаў з боку розных адміністрацыйных службаў і органаў: «Гэта, нажаль, негатыўна адбілася на характары перадвыбарнай барацьбы і нагадала пра тое, як улада абыходзілася з дэмакратычнай апазіцыяй у апошнія гады».

Штэфан Малерыюс адзначыў, што менавіта праграма «Усходняе партнёрства» паспрыяла паляпшэнню выбарчага закона. «Ужо само з’яўленне гэтага закона — крок у правільным кірунку.» Кажучы пра лібералізацыю ў Беларусі і паляпшэнне стасункаў з Еўрасаюзам Малерыюс успомніў, што пры гэтым узімку можна было бачыць «відавочныя рэцыдывы мінулага». У якасці прыкладу быў прыведзены канфлікт вакол польскай меншасці і спробы фізічнага ды маральнага запалохвання маладых актывістаў апазіцыі.

«Увогуле, казаць, што дэмакратыя ў краіне ўсталёўваецца, відавочна заўчасна. Маленькія крокі, якія можна было б назваць крокамі да дэмакратыі і прававой дзяржавы ў адпаведнасці з пажаданнямі ЕС, сканчаліся заўсёды адступленнем на старыя пазіцыі. Таму я б не наважыўся прадказваць развіццё сітуацыі ў бліжэйшыя месяцы, якія засталіся да прэзідэнцкіх выбараў» — заявіў Штэфан Малерыюс.

Как вам новость?
Головоломки