"Манрэаль" Касціцыных скараціў адставанне ў серыі з "Філадэльфіяй"

21.05.2010 10:33
Архив Редакция

"Манрэаль", колеры якога абараняюць беларускія форварды Андрэй і Сяргей Касціцыны, пасля дзвюх "сухіх" гасцевых паразаў абгуляў мінулай ноччу "Філадэльфію" на сваім лёдзе і скараціў адставанне ў паўфінальнай серыі Кубку Стэнлі.

«Манрэаль» — «Філадэльфія» — 5:1 (2:0, 1:0, 2:1). Шайбы: 1:0 — Камалеры (Субан, Гамрлік, 7.05), 2:0 — Пает (Ляпьер, Д.Мур, 16.52), 3:0 — Д.Мур (Пает, Горджэс, 32.33), 4:0 — Джонта (Гамрлік, Субан, 42.00), 4:1 — Ганье (Карсільа, Пронгер, 48.22), 5:1 — М.-А.Бержэрон (Субан, Гомес, 59.29, у большасці). Кідкі: 38-26 (17-9, 11-9, 10-8). Штраф: 19-25. Брамнікі: Галак — Лейтан (58.42).
У параўнанні з выязнымі паядынкамі ў дзеяннях «Манрэаля» было куды больш імпэту і рызыкі. Зрэшты, па-іншаму і нельга пры аглушальнай падтрымцы больш як 21-тысячнай манрэальскай публікі, якая лічыцца ці не самай шумнай у НХЛ. Гаспадары ўлічылі недапрацоўкі папярэдніх сустрэчаў і імкнуліся ствараць галкіперу супернікаў Майклу Лейтану як мага больш перашкодаў, засланяючы яму агляд перад варотамі. І сухая серыя вартавога «Філадэльфіі», якая доўжылася больш за два матчы, была перапынена на адзнацы 172 хв.05 сек., так і застаўшыся другой па працягласці ў клубнай гісторыі.
Перапынілася і пяціпатчавая пераможная серыя «Філадэльфіі» ў цяперашнім розыгрышы Кубку Стэнлі.
Андрэй Касціцын, хаця і не набірае бамбардзірскія балы на працягу вось ужо чатырох паядынкаў, дзейнічаў вельмі карысна для каманды. Ён правёў на лёдзе 15 хв.33 сек. (24 змены), выканаў два кідкі ў створ варот, яшчэ двойчы — міма, ужыў чатыры сілавыя прыёмы (больш за ўсіх у камандзе), атрымаў дзве хвіліны штрафу і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «+1».
А вось Сяргей Касціцын, які з’явіўся ў складзе пасля дзесяціматчавае адсутнасці ў папярэднім паядынку, ізноў не быў уключаны ў заяўку на гульню.
Наступны паядынак серыі пройдзе 22 траўня ў Манрэалі.
А хуткай ноччу трэці матч паўфінальнай серыі правядуць «Сан-Хасэ» і «Чыкага».
Ход паўфінальных серый Кубку Стэнлі (да чатырох перамогаў):
Усходняя канферэнцыя
«Філадэльфія» (7-е месца) — «Манрэаль» (8) — 2:1 (6:0, 3:0, 1:5).
Астатнія матчы запланаваны на 22, 24, 26, 28 траўня.
Заходняя канферэнцыя
«Чыкага» (2-е месца) -«Сан-Хасэ» (1) — 2:0 (2:1, 4:2).
Астатнія матчы вызначаны на 21, 23, 25, 27, 29 траўня.
З прадстаўнікоў беларускага дэсанта бамбардзірскія балы ў плэй-оф пакуль набіраў толькі Андрэй Касціцын з «Манрэаля», на рахунку якога 8 (3+5) ачкоў у 17 матчах. Яго брат Сяргей згуляў 5 сустрэч і дзейсных балаў не мае.
На рахунку Руслана Салея («Каларада») адзін паядынак у цяперашнім розыгрышы Кубку Стэнлі.

Как вам новость?