"Манрэаль" Касціцыных выйшаў у паўфінал Кубку Стэнлі

13.05.2010 10:08
Архив Редакция

Заняўшы толькі восьмае месца на Усходзе "Манрэаль", у найцяжэйшых сяміматчавых бітвах зрынуў пераможца рэгулярнага сезону "Вашынгтон" і паўнамоцнага ўладальніка Кубка Стэнли "Піцбург" і дабраўся да паўфіналу плэй-офф, увайшоўшы ў квартэт самых стойкіх кубкавых байцоў.

Каманда Жака Мартэна, абы-як прайшоўшы рэгулярны сезон, ў зборнай табліцы лігі паказаўшы толькі 19-ы вынік сярод 30 клубаў, да непазнавальнасці змянілася падчас розыгрышу Кубку Стэнлі, адправіўшы ў адпачынак галоўных зорак НХЛ — спачатку Аляксандра Авечкіна з Нікласам Бэкстрэмам, а затым і Сідні Кросбі з Яўгенам Малкіным. Пры гэтым у абедзвюх серыях «Манрэалю» галоўным чынам даводзілася быць у ролі даганяючага.
Мінулай ноччу манрэальцы ў вырашальным госцевым паядынку серыі перамаглі ўладальніка Кубку Стэнлі, паведамляе БелТА.
«Піцбург» — «Манрэаль» — 2:5 (0:2, 2:2, 0:1). Шайбы: 0:1 — Джонта (Субан, Гомес, 0.32, у большасці), 0:2 — Мур (Гамрлік, 14.23), 0:3 — Камалеры (Плеканец, Шпачэк, 23.32), 0:4 — Моэн (25.14, у меншасці), 1:4 — Куніц (Летан, Дзюпуі, 28.36), 2:4 — Дж.Стаал (Панікароўскі, Галігоскі, 36.30), 2:5 — Джонта (Камалеры, Гомес, 50.00, у большасці). Кідкі: 39-20 (8-10, 13-7, 18-3). Штраф: 10-14. Брамнікі: М.-А.Флеры (Б.Джонсан, 25.14).
Непрыемнасці для «пінгвінаў» пачаліся ўжо на дзясятай секундзе матчу, калі выдаленне атрымаў капітан «Піцбурга» Сідні Кросбі. А ўжо праз 22 секунды госці рэалізавалі большасць: Браян Джонта на пятачку падкарэктаваў палёт шайбы, пушчанай ад борта з вострага вугла цемнаскурым абаронцам Пі-Кей Субанам.
На гэтым «Манрэаль» не супакоіўся і, дэманструючы неймаверныя настрой і самааддачу ўжо з самага пачатку сустрэчы, прыціснуў суперніка і неўзабаве падвоіў лік.
А напачатку другога перыяду, так і не дазволіўшы агаломшаным гаспадарам як след ачомацца, канадская дружына давяла сваю перавагу да чатырох шайбаў. Пасля гэтага галкіпер «пінгвінаў» Марк-Андрэ Флеры, адбіўшы 9 з 13 кідкоў, саступіў месца ў варотах свайму напарніку Брэнту Джонсану. У яго працы было ўжо куды менш, паколькі «Піцбург», якому губляць ужо не было чаго, сабраўся і пайшоў штурмаваць бастыёны «Манрэаля», які трывала акапаўся ў сваёй зоне . 
Але гаспадарам удалося зрабіць толькі дзве прабоіны ў непрыступнай сцяне, якую ўяўляў сабой цудоўны славацкі галкіпер «хабаў» Яраславаў Гашак, які адбіў 37 кідкоў і ў каторы раз прызнаны першай зоркай матчу. Другую атрымаў аўтар дзвюх шайбаў Браян Джонта, трэцюю — лепшы снайпер «Манрэаля» і ўсяго розыгрышу плэй-офф Майк Камалеры.
Беларускі форвард «Манрэаля» Андрэй Касціцын бамбардзірскіх балаў не набіраў. Ён правёў на пляцоўцы 13 мін.07 сек. (21 змену), зрабіў адзін кідок міма варот, ужыў два сілавыя прыёмы, атрымаў дзве хвіліны штрафу і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «0».
Сяргей Касціцын не выходзіць на лёд вось ужо дзевяць матчаў запар.
Тым не менш у зборную Беларусі на чэмпіянат свету кіраўніцтва клуба яго не адпускае. Зрэшты, з выхадам «Манрэаля» ў фінал Усходняй канферэнцыі прыезд братоў Касціцыных чэмпіянат свету, што праходзіць ў Нямеччыне, практычна выключаны, тым больш што будучы супернік «Манрэаля» ўсё яшчэ не вызначыўся. «Філадэльфія», стартаваўшы ў серыі з трох паразаў ад «Бостана», затым тройчы выйграла і давяла справу да вырашальнага, сёмага матчу, які адбудзецца 14 траўня. А гэта значыць, што фінальная бітва на Усходзе пачнецца не раней за 16 траўня, а завершыцца, пры самым хуткім раскладзе, прыкладна ў адны тэрміны з першынством планеты, якое скончыцца 23 траўня.
Затое і без таго вялікі на гэтым сусветным форуме склад зборнай Расіі могуць умацаваць Яўген Малкін і Сяргей Ганчар. 
«Філадэльфія» — «Бостан» — 2:1 (Рычардс, 7, Брыр, 37, у большасці — Лючыч, 59).
Тым часам фіналісты Заходняй канферэнцыі ўжо вядомыя — гэта «Сан-Хасэ» і «Чыкага».
Вынік серый другога раўнда Кубка Стэнли (да 4 перамог), якія завяршыліся:
Заходняя канферэнцыя
«Сан-Хасэ» (1-е месца) — «Дэтройт» (5) — 4:1 (4:3, 4:3, 4:3 у авертайме, 1:7, 2:1).
«Чыкага» (2) — «Ванкувер» (3) — 4:2 (1:5, 4:2, 5:2, 7:4, 1:4, 5:1).
Усходняя канферэнцыя
«Манрэаль» (8) — «Піцбург» (4) — 4:3 (3:6, 3:1, 0:2, 3:2, 1:2, 4:3, 5:2).
Ход серыі, што працягваецца:
«Бостан» (6) — «Філадэльфія» (7) — 3:3 (5:4 у авертайме, 3:2, 4:1, 4:5 у авертайме, 0:4, 1:2).
З прадстаўнікоў беларускага дэсанта бамбардзірскія балы ў плэй-офф пакуль набраў толькі Андрэй Касціцын з «Манрэаля», на рахунку якога 8 (3+5) ачкоў у 14 матчах. Ягоны брат Сяргей згуляў чатыры сустрэчы і дзейсных балаў не мае.
На рахунку Руслана Салея («Каларада») адзін паядынак у цяперашнім розыгрышы Кубку Стэнлі.
У спрэчцы бамбардзіраў Кубку Стэнлі лідзіруюць: Джонатан Тоюс («Чыкага») — 20 (6+14) балаў, Сідні Кросбі («Піцбург») — 19 (6+13), Майк Камалеры («Манрэаль») — 18 (12+6), Юхан Францэн («Дэтройт») — 18 (6+12), Майк Рычардс («Філадэльфія) — 16 (5+11), Джо Павелскі («Сан-Хасэ») — 15 (9+6), Мікаэль Самуэльсан («Ванкувер») — 15 (8+7), Патрык Кейн («Чыкага») — 15 (7+8), Хенрык Сетэрберг («Дэтройт») — 15 (7+8), Патрык Шарп («Чыкага») — 14 (5+9), Даніэль Седзін («Ванкувер») — 14 (5+9), Хенрик Седзін («Ванкувер») — 14 (3+11).

Как вам новость?