Маркаў: у Лукашэнкі і Пуціна — канфлікт асобаў

26.05.2010 15:45
Архив Редакция

Дэпутат Дзяржаўнай Думы РФ ад партыі "Адзіная Расія", палітолаг Сяргей Маркаў канстатаваў тармажэнне інтэграцыйнага працэсу стварэння Саюзнай дзяржавы. "На шляху яго будаўніцтва ўзніклі перашкоды. Па-першае, паўсталі асобасныя канфлікты паміж прэм'ер-міністрам Расіі Уладзімірам Пуціным і прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнка", — сказаў палітолаг.

«Па-другое, выявілася, што сам Лукашэнка, які некаторы час назад імкнуўся да інтэграцыі, стаў тармазіць працэс аб’яднання, патрабаваць занадта вялікіх саступак ад Расіі. Гэта і паслужыла адной з прычынаў напружаных адносінаў паміж кіраўніцтвамі нашых краінаў», — заявіў Сяргей Маркаў, перадае «Адзіны расійскі партал».
Дэпутат прызнаў, што праект па стварэнні Саюзнай дзяржавы выявіў шэраг ключавых праблемаў. «Першая — неабходнасць пагадзіцца з мадэллю «адна краіна — дзве сацыяльна-эканамічныя сістэмы», — адзначыў палітолаг. — Паводле гэтай мадэлі ў свой час аб’ядноўваліся Кітай і Ганконг. Другая праблема — гэта неабходнасць пераходу да адзінай валюты. Трэцяя — неабходнасць спынення антыкрымлёўскае прапаганды па беларускім тэлебачанні. Некалькі гадоў гэтай прапаганды прывялі да таго, што колькасць беларускіх грамадзянаў, ахвочых аб’ядноўвацца з Расіяй, паменшылася».
Сяргей Маркаў лічыць, што апошняе вельмі важна для самога Аляксандра Лукашэнкі, паколькі, «арганізоўваючы падобную прапаганду, ён стварае ўдзячную глебу для яго празаходняй апазіцыі, якая даўно ўжо падрыхтавала для яго месца ў камеры Мілошавіча». 
«Лукашэнку трэба быць менш падазроным у дачыненні да Расіі, — заявіў расійскі дэпутат. — А нашаму кіраўніцтву варта адставіць у бок суб’ектыўныя, культурна-псіхалагічныя аспекты і больш надаваць увагу аб’ектыўным палітыка-эканамічным аспектам». 
Па словах Сяргея Маркава, праект будаўніцтва Саюзнай дзяржавы не вычарпаў сябе. «Ён мае перспектывы і нам неабходна працаваць па такіх кірунках як прыняцце Канстытуцыі, фармаванне адзінай валюты, фармаванне ўсеабдымнай сістэмы роўнасці правоў грамадзян, пераход да адзінага пашпарта, і аб’яднанне інфармацыйнай прасторы», — падкрэсліў палітолаг.

Как вам новость?
Головоломки