Марплз: Лукашэнка няўхільна губляе свабоду манеўру ў адносінах з Расіяй

02.04.2010 12:16
Архив Редакция

Канадскі палітолаг Дэвід Марплз лічыць, што прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павольна, але няўхільна губляе свабоду манеўру ў адносінах з Расіяй. Эксперт падкрэслівае, што дзейснаму беларускаму прэзідэнту трэба заручыцца падтрымкай Крамля, каб пераабрацца на чацвёрты прэзідэнцкі тэрмін.

«Коштам такой падтрымкі можа быць згода на прыняцце сумеснай з Расіяй валюты і на ўступленне ў мытны саюз з Расіяй і Казахстанам на расійскіх умовах», — мяркуе Дэвід Марплз.

Канадскі палітолаг упэўнены, што эканамічная сітуацыя не працуе ў карысць Беларусі. «Беларусь, каб захаваць фінансавую стабільнасць, змушана ўвесь час браць крэдыты. Да таго ж, кошт беларускага рубля ўвесь час падае, павялічваючы для краіны кошту набыцця рэсурсаў за мяжой», — адзначыў аналітык.

Па словах Дэвіда Марплза, Аляксандр Лукашэнка таксама пагоршыў сваю міжнародную пазіцыю, сапсаваўшы адносіны з Бруселем і Вашынгтонам апошнімі пераследамі актывістаў незарэгістраванага Саюза палякаў Беларусі.

«Беларускі кіраўнік змушаны шукаць новых сяброў у Лацінскай Амерыцы і Кітаі, але ў далейшай перспектыве па-ранейшаму стрыжневымі застануцца адносіны з Расіяй. Пуцін, нават калі і разгубіўся з-за апошніх подзвігаў Лукашэнкі, можа дазволіць сабе патрываць. Яго былы саюзнік паволі вычэрпвае магчымасці пазбягаць зацягвання ў расійскі эканамічны загон», — сказаў канадскі эксперт.

Как вам новость?
Головоломки