Маршрутка ўрэзалася ў жылы дом у Брэсце

30.04.2010 17:33
Архив Редакция

Дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам маршрутнага таксі адбылося 30 красавіка ў Брэсце. У выніку аварыі пацярпела 8 чалавек, у тым ліку кіроўца, загінулых няма. ДТЗ адбылося недзе апоўдні. Па папярэдняй інфармацыі, кіроўцу маршрутнага таксі стала дрэнна.

Машына рухалася па праспекце Машэрава ў бок ЦУМу, перадае БелТА. Праехаўшы прыпынак «Мопра», аўтамабіль рэзка памяняў напрамак руху: выляцеў праз тратуар і два шэрагі дрэваў на бакавы праезд, дзе пратараніў два прыпаркаваныя аўтамабілі. Пры гэтым машына працягнула рух, пераадолела яшчэ адзін тратуар, заехала па штучным насыпе на газон, і толькі сцяна шматпавярхоўкі змагла яе спыніць.

Як паведамілі ў ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама, разбіральніцтва па факце гэтага ДТЗ яшчэ праводзіцца. Пяці пасажырам медыцынская дапамога аказана на месцы, яшчэ двое пасажыраў і кіроўца шпіталізаваны. Пацярпелых сярод мінакоў, а таксама ў прыпаркаваных аўтамабілях няма.

Как вам новость?