Мартынаў пагражае Польшчы санкцыямі ў адказ

13.01.2011 10:43
Архив Редакция

Кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў заявіў, што ў выпадку прыняцця ўладамі Польшчы рашэння аб забароне ўезду на тэрыторыю краіны беларускіх чыноўнікаў, Мінск можа пайсці на меры ў адказ. "Калі такое рашэнне будзе прынята, яно будзе няўдалым, і Польшча павінна быць гатовай, што мы будзем змушаныя, што ў нас няма выбару, акрамя як прыняць меры ў адказ наўзаем", — заявіў ён у Бруселі.

У той жа час, беларускі міністр падзякаваў Польшчы за адмену платы для грамадзян Беларусі за атрыманне нацыянальных польскіх візаў. «Кожнае рашэнне, у тым ліку апошняе рашэнне Польшчы, аб павелічэнні магчымасцяў людзям падарожнічаць, можна толькі вітаць», — адзначыў Сяргей Мартынаў, перадае PAP.

Кіраўнік беларускага МЗС таксама паведаміў, што Мінск мае намер працягваць супрацоўніцтва з Польшчай, з якой Беларусь звязваюць «гістарычныя і глыбокія сувязі». «Польшча з’яўляецца важным партнёрам Беларусі. У нас шмат сумесных інтарэсаў у розных сферах: ад дыверсіфікацыі энергіі і транзіту энергіі да барацьбы з нелегальнай кантрабандай і арганізаванай злачыннасцю», — адзначыў ён.

Як раней паведамляў Тэлеграф, Польшча адной з першых прапанавала пашырыць спіс неўяздных беларускіх чыноўнікаў. Як патлумачыў 29 снежня прэс-сакратар МЗС Польшчы Марцін Басацкі, рашэнне аб забароне на ўезд у Польшчу будзе прымацца ў сістэме Шэнген. «Гэта азначае, што калі асоба звернецца ў консульства іншай дзяржавы Шэнгенскага пагаднення за атрыманнем візы, то загарыцца чырвоная лямпачка. Як правіла, гэта прыводзіць да таго, што асоба не атрымае візу на ўезд ні ў адну з дзяржаў Шэнгена», — растлумачыў Марцін Басацкі.

Как вам новость?