Мартынаў перасцярог ЕС ад збліжэння Мінску і Масквы

13.01.2011 11:41
Архив Редакция

Сяргей Мартынаў 12 студзеня ў Бруселі, адказваючы на пытанні журналістаў, закрануў пытанне магчымага прымянення Еўрасаюзам санкцыяў у дачыненні да Беларусі. «Спадзяемся, што, разглядаючы сваё рашэнне ЕС, не прыме незваротных рашэнняў. Мы спадзяемся, што дадзенае рашэнне не закрые дзверы збалансаванай беларускай замежнай палітыкі паміж нашымі галоўнымі суседзямі — Расіяй і ЕС», — адзначыў ён.

«Мы лічым, што рашэнне ЕС, незалежна ад таго, якім яно будзе, не будзе замінаць развіццю беларускай эканомікі і грамадства», — заявіў Сяргей Мартынаў, перадае Wiadomosci24.pl.

Міністр паведаміў, што прыехаў у Брусель, каб «распавесці аб рэальным ходзе падзеяў 19 снежня». «Раю паважанаму спадару Бузеку (старшыню Еўрапарламенту Ежы Бузеку — Тэлеграф), а таксама СМІ і іншым палітыкам, быць добра дасведчанымі пра падзеі ў Беларусі. Я павінен звярнуць увагу на тое, што сіла была прыменена толькі ў адказ на гвалт з боку дэманстрантаў», — адзначыў кіраўнік беларускага МЗС.

Ён таксама падкрэсліў, што ўлады Беларусі «не выкарыстоўвалі празмерную сілу» супраць мітынгоўцаў: ні слезацечны газ, ні гумовыя кулі, ні воданапорныя гарматы, ні сабакі. «Але ўсе гэтыя сродкі ў апошнія месяцы выкарыстоўвала паліцыя ў еўрапейскіх сталіцах. Такім чынам, беларуская міліцыя значна больш памяркоўная ў адносінах да дэманстрантаў», — заявіў Сяргей Мартынаў.

Мартынаў: затрыманыя за акцыі пратэсту ўжо на свабодзе

Адказваючы на пытанне аб магчымасці вызвалення затрыманых беларускіх апазіцыянераў, кіраўнік знешнепалітычнага ведамства паведаміў, што ў Беларусі, як і ў іншых краінах, ёсць юрыдычныя працэдуры. «Людзі, якіх арыштавалі, знаходзяцца пад следствам. Калі следства скончыцца, і калі такія выпадкі будуць, то яны паўстануць перад судом, і той ужо прыме рашэнне. Выканаўчая ўлада не мае ніякага ўплыву на гэты юрыдычны працэс», — падкрэсліў Сяргей Мартынаў.

Разам з тым ён падкрэсліў, што затрыманыя «за ўдзел у падзеях» ўжо знаходзяцца на волі.

Як паведамляў Тэлеграф, вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах Кэтрын Эштан сустрэлася ў Бруселі з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым. У ходзе гутаркі яна падкрэсліла, што ЕС асуджае гвалтоўны разгон дэманстрантаў, шматлікія арышты і пераслед апазіцыянераў пасля выбараў.

«Кэтрын Эштан настойвала на неадкладным вызваленні ўсіх затрыманых па палітычных матывах і неадкладнага спынення пераследу апазіцыі, прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці», — распавялі ў прадстаўніцтве Еўрасаюза ў Беларусі.

Как вам новость?