Мартынаў: праекты Беларусі ва «Усходнім партнёрстве» не знікнуць

09.09.2010 09:00
Архив Редакция

Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў паведаміў па выніках сустрэчы з літоўскім і ўкраінскім калегамі, што бакі дамовіліся дапрацаваць у найбліжэйшы час пералік праектаў, прадстаўлены ў мінулым годзе для фінансавання па лініі «Усходняга партнёрства». Па словах кіраўніка МЗС Беларусі, цяпер існуе два спісы праектаў па ступені прыярытэтнасці.

«Мы падрыхтавалі на яго аснове (леташняга пераліку — Тэлеграф) больш кароткі пералік прыярытэтных праектаў, якія затым сумесна тры краіны будуць прасоўваць у адпаведнасці з працэдурамі тэматычных платформаў «Усходняга партнёрства», — распавёў беларускі міністр.

«Мы таксама дамовіліся аб тым, што разам з гэтымі прыярытэтнымі праектамі — гэта будзе чатыры, пяць, шэсць, сем праектаў — астатнія праекты, якія мы папярэдне раней абмеркавалі, таксама не «знікнуць», а складуць пералік патэнцыяльных праектаў, якія далей будуць прасоўвацца альбо ў рамках ініцыятывы «Усходняе партнёрства», альбо па лініі еўрапейскіх фінансавых інстытутаў у залежнасці ад таго, якія будуць магчымасці», — адзначыў Сяргей Мартынаў.

Кіраўнік беларускага МЗС расказаў, што прадстаўляныя Беларуссю, Украінай і Літвой на абмеркаванне платформы «Усходняга партнёрства» праекты тычацца розных сфераў: ад інфраструктуры межаў і мытнага ўзаемадзеяння да культурнага супрацоўніцтва. «Мы спадзяемся, што ўсе гэтыя праекты знойдуць падтрымку ЕС», — падкрэсліў міністр замежных спраў Беларусі.

«Мы разлічваем, што калі ўсё пойдзе так, як мы намецілі сёння, то тэмы, якія мы скампануем, будуць прадстаўлены 2 лістапада на сустрэчы платформы «Усходняга партнёрства» №2. Калі яны будуць зацверджаны там, то на Савеце міністраў замежных спраў «Усходняга партнёрства», які папярэдне плануецца на снежань, яны атрымаюць, умоўна кажучы, «бласлаўленне» ўсіх і будуць рухацца ў адпаведнасці з вызначанымі працэдурамі, пераходзячы паступова ў плоскасць практычнай рэалізацыі», — падсумаваў Сяргей Мартынаў.

Как вам новость?