Масква: Беларусь усё яшчэ аплочвае газ па леташнім кошце

19.05.2010 16:14
Архив Редакция

ААТ "Белтрансгаз" у аднабаковым парадку, без узгаднення з "Газпромам", аплачвае набываны ў Расіі газ па леташнім кошце. Пра гэта 19 траўня паведаміла кампетэнтная крыніца ў Маскве. Па звестках крыніцы, у выніку толькі за студзень-люты запазычанасць "Белтрансгаза" дасягнула 94 млн. даляраў.

«Пры такім падыходзе «Белтрансгаз» будзе нарошчваць доўг перад «Газпромам» і да канца года будзе вінны  прыкладна паўмільярды даляраў», — адзначае крыніца, перадае ІА «REGNUM-Беларусь».
Сёлета «Газпрам», паводле кантракту на пастаўку газу ААТ «Белтрансгаз», павінен паставіць у Беларусь 22,1 млрд. кубаметраў газу. У першым квартале гэтага года «Газпром» паставіў у Беларусь каля 6,4 млрд. кубаметраў. За студзень-красавік было пастаўлена 7,9 млрд. кубаметраў.
Па інфармацыі крыніцы, кошт газу, які, у адпаведнасці з кантрактам, разлічваецца па формуле з ужываннем паніжальнага каэфіцыента 0,9, на першы квартал складаў 169,22 даляра за тысячу кубаметраў, у другім квартале 184,79 даляра за тысячу кубаметраў, а сярэдні кошт на газ для Беларусі ў 2010 годзе складзе 185-187 даляраў.
«Аднак ААТ «Белтрансгаз», спасылаючыся на вусныя леташнія дамоўленасці прэзідэнтаў Расіі і Беларусі, робіць аплату за пастаўлены газ, зыходзячы з кошту 150 даляраў за тысячу кубаметраў», — паведаміла крыніца, дадаўшы, што «за першы квартал гэтага года «Белтрансгаз» заплаціў усяго толькі 964,4 млн. даляраў». 
«У выніку пратэрмінаваная запазычанасць кампаніі перад ААТ «Газпром» за студзень-сакавік 2010 года складае 137,5 млн. даляраў (каля 12,5% ад агульнага аб’ёму аплаты за ўказаны перыяд). Аплату паставак газу за красавік «Белтрансгаз» павінен здзейсніць да 23 траўня», — праінфармавала крыніца ў Маскве.

Как вам новость?
Головоломки