Масквічы падтрымалі беларусаў у "акцыі маўчання"

24.06.2011 10:41
Архив Редакция

У сераду, 22 чэрвеня, каля амбасады Беларусі ў Маскве каля 30 чалавек выйшлі падтрымаць беларусаў у акцыі маўклівай салідарнасці. Акцыя пачалася ў 20:00 (адначасова з Беларуссю, улічваючы гадзінную розніцу ў часе) і доўжылася каля гадзіны. Супрацоўнікі праваахоўных органаў не перашкаджалі правядзенню акцыі, затрыманняў не было.

Маладыя людзі, якія сабраліся ля амбасады, размаўлялі на беларускай мове. Двое маладых людзей сталі на прыступкі амбасады з плакатамі з фатаграфіямі асуджаных фігурантаў «справы 19 снежня», перадае «Беларускі партызан».

Як перадаваў Тэлеграф, па ўсёй Беларусі 22 чэрвеня ў ходзе разгону удзельнікаў акцый маўклівай салідарнасці супрацоўнікі міліцыі затрымалі каля 460 чалавек. Больш за 200 з іх затрымалі ў Мінску. Большасць затрыманых пасля праверкі дакументаў і правядзення тлумачальнай гутаркі адпускалі без складання пратаколу.

Тым не менш, на некаторых удзельнікаў акцыі былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 17.1 КаАП Беларусі — дробнае хуліганства. 23 чэрвеня суды Мінску вынеслі прысуды 23 удзельнікам акцыі. Усіх затрыманых абавязалі выплаціць штрафы ў памеры ад 2 да 30 базавых велічынь (ад 14 да 210 даляраў).

Как вам новость?