Махлярка з Ліды ашукала знаёмых на 40 млн. рублёў

05.04.2010 15:03
Архив Редакция

Жыхарку Ліды падазраюць у здзяйсненні махлярства ў асабліва буйным памеры. Як паведамілі ва УУС Гродзенскага аблвыканкама, 52-гадовая жанчына на працягу двух з паловай гадоў пры дапамозе распрацаванай схемы ашуквала сваіх блізкіх знаёмых, здолеўшы зарабіць каля 40 млн. рублёў.

«Прадпрымальная дама ў сваім асяроддзі пусціла чутку, нібы мае ў адным з банкаў «свайго чалавека», які ў стане размяшчаць на дэпазітны ўклад беларускія рублі пад 35% гадавых, пры гэтым сапраўдныя стаўкі вагаюцца ў раёне 20-22%», — цытуе прэс-служба УУС Гродзенскага аблвыканкама словы начальнік АБЭЗ Лідскага РАУС Сяргея Дзятчыка.

У міліцыі паведамілі, што з мэтай стварэння бачнасці ўяўнага дабрабыту аферыстка прыдумала схему, якая прадугледжвае выплату адсоткаў — узяўшы грошы ў новых укладчыкаў, яна выплачвала іх старым, пакуль канчаткова не заблыталася ў сваіх махінацыях.

«Падвох быў відавочны, але яго адчулі толькі нешматлікія, — распавялі ў прэс-службе. — Неўзабаве пра ашуканскія дзеянні стала вядома супрацоўнікам міліцыі, да якіх усё ж вырашыліся звярнуцца з заявай асобныя з ашуканых грамадзян».

«У мясцовых СМІ з гэтай нагоды Лідскім РАУС была арганізавана прапагандысцкая кампанія — пацярпелыя пасыпаліся як з рога дастатку», — падкрэслілі ў прэс-службе.

У дадзены момант супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа па ч. 4 арт.209 «Махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры». Артыкул прадугледжвае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Как вам новость?
Головоломки