Мазырскі НПЗ пачаў перапрацоўку венесуэльскай нафты

12.05.2010 09:39
Архив Редакция

На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе паведамілі, што прадпрыемства прыступіла да перапрацоўкі спробнай партыі венесуэльскай нафты гатунку "Санта-Барбара", якая агулам складае 80 тыс. тон. "На завод ужо прыбыло больш за палову аб'ёму закупленай у Венесуэле партыі нафты, і яе перапрацоўка распачалася", — сказаў прадстаўнік НПЗ.

Пры гэтым на прадпрыемстве не паведамілі, колькі і якіх нафтапрадуктаў плануецца вырабіць з венесуэльскай нафты, адзначыўшы толькі, што ў суткі плануецца перапрацоўваць каля сямі-васьмі тысяч тон нафты з Венесуэлы, перадае РИА «Новости».
Як раней паведамляў Тэлеграф, пятага траўня намеснік генеральнага дырэктара Мазырскага НПЗ Сяргей Крот аспрэчыў паведамленні некаторых СМІ пра тое, што паступіўшая на завод з Венесуэлы нафта не адпавядае некаторым заяўленым параметрам па прымесях. «Усё ў нас, можна сказаць, у норме — ніякіх асаблівых праблемаў з прыёмам і якасцю гэтай нафты няма», — заявіў намгендырэктара МНПЗ.
«Для таго, каб зрабіць звычайны аналіз, трэба пэўная колькасць часу. Адносна таго, што, маўляў, тое ці не тое, я не стаў бы гэта каментаваць, таму што разважаюць людзі, якія ў гэтым наогул нічога не разумеюць. На пустым месцы ўсе ствараюць нейкую праблему», — сказаў Сяргей Крот.

Как вам новость?