Медыкі не выключаюць усплеску захворвальнасці на грып у Мінску ўжо ў кастрычніку

21.09.2010 15:02
Архив Редакция

Беларускія медыкі не выключаюць магчымасці ўсплеску захворвальнасці на грып і вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі (ВРВІ) у Мінску ўжо ў кастрычніку. Пра гэта паведаміла загадчыца эпідэміялагічнага аддзелу Мінскага гарадскога цэнтру гігіены і эпідэміялогіі Алена Фісенка. Тым не менш, найбольшы эпідэмічны ўздым чакаецца традыцыйна ў студзені-лютым.

Паводле слоў спецыялісткі цэнтру гігіены і эпідэміялогіі, у 2010 годзе інтэнсіўны сезонны ўздым захворвання на ВРВІ адзначаецца ўжо з сярэдзіны верасня, у той час як у папярэднія гады — з канца верасня. Штодня ў лячэбныя ўстановы з-за вірусных інфекцый звяртаецца каля 4,5-5 тыс. чалавек. Гэта на 30-40% больш, чым у верасні 2009 года. Алена Фісенка адзначыла, што гэтая лічба вышэйшая за сярэднія шматгадовыя дадзеныя.
 
У той жа час, медыкі на дадзены момант не фіксавалі сярод хворых вірусы грыпу. Пакуль сустракаюцца толькі традыцыйныя рэспіраторныя вірусы і іх змешаныя формы, перадае БелТА.

«Прагназуецца, што ў гэтым эпідэмічным сезоне будуць цыркуляваць тыя ж вірусы, якія былі летась. Вірус грыпу В, які сустракаецца ў канцы мінулага сезону і ў міжэпідэмічны перыяд, наўрад ці зграе сваю ролю ў фармаванні захворвальнасці — больш за 90% насельніцтва маюць імунітэт да яго. Застаецца высокая ўдзельная вага так званых змешаных або мікс-інфекцый, калі ў захварэлага адначасова прысутнічае некалькі вірусаў, што абумоўлівае больш выяўленую клінічную форму захворванняў і больш цяжкія выпадкі», — растлумачыла Алена Фісенка.

Як раней перадаваў Тэлеграф, у жніўні-верасні ў Беларусі адзначаецца 15-працэнтны рост захворвальнасці ВРВІ. Галоўны эпідэміёлаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Іна Карабан, лічыць, што на зніжэнне імунітэту беларусаў паўплывала цяперашняе анамальна гарачае лета. Між тым, у паліклініках Мінску, а таксама ў гарадскім цэнтры вакцынапрафілактыкі, некаторых медыка-санітарных частках і медцэнтрах пачалі вакцынацыю супраць грыпу на платнай аснове.

Как вам новость?
Головоломки