Медыкі: у кожнай цяжарнай беларускі ёсць паталогія

16.12.2010 15:42
Архив Редакция

У Беларусі ў кожнай жанчыны падчас цяжарнасці медыкі выяўляюць тую ці іншую паталогію, паведаміла кандыдат медыцынскіх навук Кацярына Пятрова. Паводле яе слоў, у Беларусі практычна няма здаровых цяжарных жанчын. Часцей за ўсё ў цяжарных выяўляюць захворванні шчытападобнай залозы, страўнікава-кішэчнага тракту, іншыя хранічныя захворванні, а таксама гінекалагічныя захворванні.

Усё гэта вельмі негатыўна ўплывае на выношванне і нараджэнне дзіцяці, падкрэсліла Кацярына Пятрова. Яна таксама адзначыла, што ў цэлым сітуацыя з рэпрадуктыўным здароўем жанчын у Беларусі не вельмі спрыяльная. Паводле слоў спецыяліста, гэта звязана як з экалогіяй, так і з шэрагам сацыяльных фактараў.

«Дзяўчынкі рана пачынаюць палавое жыццё. Да моманту, калі яны задумваюцца аб шлюбе і адпаведна аб нараджэнні дзяцей, у іх ужо ёсць запас тых хвароб, якія яны набылі на працягу жыцця», — цытуе Кацярыну Пятрову БелаПАН.

На думку медыкаў, найбольш спрыяльны ўзрост для нараджэння дзяцей — 25-35 гадоў. Пасля 35 гадоў імавернасць наступлення цяжарнасці зніжаецца ў два разы, а рызыка развіцця заган у плода, наадварот, павялічваецца ў два разы.

Беларускія медыкі адзначаюць рост мужчынскага бясплоддзя

У той жа час беларускія медыкі ў апошнія гады таксама адзначаюць рост мужчынскага бясплоддзя. Як адзначыла 16 снежня на пасяджэнні круглага стала ў Мінску дырэктар Цэнтра рэпрадуктыўнай медыцыны гінеколаг-репрадуктолаг Святлана Жукоўская, сёння прыкладна ў 60% выпадкаў праблемы з зачаццем дзіцяці выкліканыя бясплоддзем мужчын.

Акрамя таго, медыкі адзначаюць павелічэнне колькасці цяжкіх формаў мужчынскага бясплоддзя. Калі ў 1995 годзе цяжкія формы мужчынскага бясплоддзя сярод пацыентаў Цэнтра рэпрадуктыўнай медыцыны адзначаліся у прыкладна 5% пацыентаў, то сёння — у 40%. Па словах Святланы Жукоўскай, падобная тэндэнцыя тлумачыцца неспрыяльнай экалогіяй, а таксама памяншэннем рухальнай актыўнасці хлопчыкаў, у тым ліку з-за татальнай камп’ютэрызацыі.

Эксперт таксама лічыць, што негатыўны ўплыў аказвае няправільнае палавое выхаванне хлопчыкаў, раннія палавыя сувязі і, адпаведна, ранняе заражэнне інфекцыямі, якія перадаюцца полавым шляхам. На думку медыка, у Беларусі неабходна рабіць захады па павышэнні статусу сям’і і маральных асноў грамадства, прафілактыцы інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, адраджэнні важнасці фізічнай культуры.

Святлана Жукоўская таксама паведаміла, што сёння больш за чвэрць беларускіх сем’яў не могуць зачаць дзіця без медыцынскай дапамогі. Паводле афіцыйнай статыстыкі, бясплоднымі ў Беларусі лічацца 25% сем’яў, не лічачы тых, хто звяртаецца за дапамогай у камерцыйныя медыцынскія цэнтры.

Как вам новость?
Головоломки