Мэр Мінску абяцае разабрацца з няправільнай паркоўкай ў дварах

03.01.2011 15:33
Архив Редакция

Старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька 3 студзеня на аператыўнай нарадзе ў мэрыі выступіў з ініцыятывай узмацнення адміністрацыйнай адказнасці аўтаўладальнікаў за парушэнне правілаў паркоўкі, у прыватнасці ў дварах шматкватэрных дамоў. На думку мэра Мінску, у краіне няма выразнай нарматыўнай базы па паркоўцы машын у дварах, што стварае дадатковыя праблемы ў тым ліку камунальным службам горада.

Так, Мікалай Ладуцька адзначыў, што сёлета шмат клопатаў камунальнікам даставіў снегапад, бо аператыўнай ўборцы снегу перашкаджаў прыпаркаваны асабісты аўтатранспарт. Іншай нявырашанай праблемай па-ранейшаму застаюцца грузавыя аўтамабілі грузападымальнасцю звыш 3,5 тоны, прыпаркаваныя на ўзбочынах дарог і ў дварах дамоў, адзначыў мэр горада.

«Гэтыя людзі (уладальнікі фураў — Тэлеграф) займаюцца бізнэсам. Няхай займаюцца. Умовы для гэтага створаны. Але машыны павінны захоўвацца там, дзе павінны захоўвацца», — цытуе Мікалая Ладуцьку БелТА.

Мэр горада даручыў ГУУС Мінгарвыканкама сумесна з зацікаўленымі гарадскімі службамі ў кароткія тэрміны падрыхтаваць канкрэтныя прапановы па ўзмацненні адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў паркоўкі і накіраваць з на разгляд урада.

Мікалай Ладуцька таксама звярнуў увагу на досвед еўрапейскіх краінаў, дзе за паркоўку ў неналежным месцы ўладальнікам аўто не толькі выпісваюць штраф, але і блакуюць колы спецыяльнымі прыстасаваннямі, якія перашкаджаюць руху. Блакаванне ж здымаецца толькі тады, калі ўладальнік аўто аплачвае штраф.

«Сёння мы чуем тысячы папрокаў ад жыхароў Мінску аб немагчымасці выехаць з двароў. А калі няштатная сітуацыя, якая запатрабуе праезду машын МНС, медыкаў? Бо не пад’едзеш і не падыдзеш. Таму ў сітуацыі з паркоўкай трэба паставіць кропкі над i», — заявіў Мікалай Ладуцька.

Как вам новость?
Головоломки