Мэр Мінску абяцае захаваць ільготныя крэдыты на будаўніцтва жылля

08.06.2011 15:38
Архив Редакция

Ільготнае крэдытаванне будаўніцтва жылля ў Мінску захаваецца. Пра гэта 8 чэрвеня заявіў старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька. "Мы фармуем планы на 2012 год, зыходзячы з наяўнасці льготных крэдытаў, разумеючы, што чаргавікі без ільготнай падтрымкі свае планы па будаўніцтве жылля не рэалізуюць", — растлумачыў мінскі мэр.

«У гарадскім бюджэце частка сродкаў пойдзе на канвертаванне, падаражэнне, але прынцыповыя праграмы (жыллёвага будаўніцтва, у сферы аховы здароўя, інжынерна-транспартнай інфраструктура і інш.) будуць рэалізоўвацца», — заявіў Мікалай Ладуцька. Пры гэтым кіраўнік Мінгарвыканкама адзначыў, што забудоўшчыкі і падрадчыкі павінны паскорыць сваю працу, «каб за наяўны рэсурс пабудаваць больш у фізічным выражэнні», перадае БелТА.

Кошт будаўніцтва жылля па дамовах, заключаных раней, не зменіцца, бо новыя патрабаванні да забудоўшчыкаў не прад’яўляліся, запэўніў Мікалай Ладуцька. Пры гэтым ён адзначыў, што некаторыя забудоўшчыкі сапраўды спрабавалі штучна павялічыць кошт будаўніцтва жылля.

«Некаторыя забудоўшчыкі надрукавалі ў прэсе дэкларацыі з коштам 8 млн рублёў, 12 млн рублёў за квадратны метр. Мы сустрэліся з імі і спакойна патлумачылі. Па-першае, ніхто ў іх не купіць за такія грошы. Унутраныя кошты настолькі не выраслі, зарплата настолькі не вырасла. Таму аўтаматычна пераносіць курс даляра на чаканы ў кошце жылля — гэта няправільная арыфметыка», — растлумачыў Мікалай Ладуцька.

Як перадаваў Тэлеграф, у 2011 годзе ў Мінску кошты на будаўніцтва жылля для чаргавікоў могуць вырасці на 12%. Аб гэтым раней паведамляў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Сяргей Радаман. Ён таксама распавёў, што Мінгарвыканкам можа пачаць падаваць чаргавікам льготныя крэдыты пад 1% на 40 гадоў на будаўніцтва жылля ў гарадах-спадарожніках Мінску (Смалявічах, Заслаўі, Лагойску, Дзяржынску). У Мінску падобны крэдыт выдаецца пад 5% на 20 гадоў.

Між тым мінскія ўлады рыхтуюць нарматыўныя дакументы для змянення парадку пастаноўкі на чаргу па паляпшэнні жыллёвых умоваў. Плануецца, што для пастаноўкі на чаргу крытэр патрэбы будзе зніжаны з 15 да 10 квадратных метраў на чалавека.

Как вам новость?