Мэр Вільні хоча будаваць Вісагінскую АЭС разам з Беларуссю

28.04.2011 11:58
Архив Редакция

Мэр Вільні Артурас Зуокас, асцерагаючыся будаўніцтва беларускай АЭС, заклікаў кіраўніцтва Літвы прапанаваць Беларусі далучыцца да праекту будаўніцтва АЭС у Вісагінасе, у якім ужо ўдзельнічаюць Латвія, Польшча і Эстонія. У сваю чаргу Адам Кавалько, кіраўнік Астравецкага раёна Беларусі, на тэрыторыі якога плануецца ўзвесці АЭС, запэўніў у яе поўнай бяспецы.

«Пасля таго, як у Астраўцы была праведзена ацэнка ўплыву на навакольнае асяроддзе, выказаліся навукоўцы і расказалі, якой будзе электрастанцыя, абарона рэактараў, людзі цалкам спакойныя. Калі б такая ахоўная сістэма была ў Японіі, там нічога не здарылася б», — адзначыў ён , перадае DELFI.

Па словах Адама Кавалько, людзі з розных рэгіёнаў, у тым ліку і з Літвы, спадзяюцца атрымаць працу ў раёне будаўніцтва АЭС. У той жа час кіраўнік літоўскай суполкі ў Астравецкім раёне Альфонсас Аўгуліс паведаміў, што жыхары мала ведаюць аб будаўніцтве АЭС і яго наступствах, верачы афіцыйным крыніцам інфармацыі, што кажуць аб поўнай бяспецы станцыі.

Эксперт: Астравецкая АЭС бяспечнейшая за Фукусімскую праз адсутнасць цунамі

На думку начальніка інфармацыйна-аналітычнага аддзелу Цэнтра грамадскай інфармацыі Растоўскай АЭС Сяргея Янчэўскага, сцэнар японскай атамнай электрастанцыі «Фукусіма-1» не можа паўтарыцца ў Беларусі, бо ў краіне не можа адначасова наступіць землятрус і цунамі. Акрамя таго, па яго словах, узровень бяспекі беларускай АЭС будзе вышэйшы, чым у дзейных расійскіх АЭС.

«Абарона спрацоўвае нашмат хутчэй. Акрамя таго, тры незалежныя сістэмы энергетычнага сілкавання размешчаныя так, каб ніякае ўмяшанне не магло іх адразу вывесці з ладу», — заявіў Сяргей Янчэўскі, перадае БелТА.

На беларускай АЭС плануецца прымяняць актыўныя (з удзелам чалавека) і пасіўныя (без умяшання аператара) сістэмы бяспекі, якія ўключаюць у сябе чатыры бар’еры.

Как вам новость?
Головоломки