Меркель: Лукашэнка пераможа на выбарах у Беларусі

17.11.2010 11:25
Архив Редакция

Дзейны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пераможа на прэзідэнцкіх выбарах, якія маюць адбыцца у краіне. Такое меркаванне выказаў былы памочнік дзяржсакратара ЗША па еўрапейскіх і еўразійскіх справах Дэвід Меркель. Тым не менш, ён лічыць, што «міжнародная супольнасць не будзе лічыць гэтыя выбары свабоднымі і справядлівымі».

«Прызнаючы гэта, Злучаныя Штаты павінны шукаць пасля гэтых выбараў новыя магчымасці для таго, каб трымаць дзверы адкрытымі для паляпшэння адносінаў з Беларуссю ў цесным супрацоўніцтве з ЕС. Нам патрэбна такая палітыка, якая вядзе пошук магчымасцяў для прасоўвання нашых прынцыпаў і інтарэсаў у адносінах з Мінскам сёння, а не пасля сыходу Лукашэнкі», — заявіў былы памочнік дзяржсакратара ЗША, перадаюць ИноСМИ.

На яго думку, мара аб адзінай, свабоднай і мірнай Еўропе застанецца не да канца рэалізаванай, пакуль Беларусь, Малдова і Украіна не знойдуць сваё месца ў агульнаеўрапейскім доме. «Мы не імкнемся да таго, каб Украіна, Малдова ці Беларусь адышлі ў бок ад Масквы, але мы можам аказаць ім падтрымку ў пошуках шляху да агульнаеўрапейскага дома. Еўрапейская інтэграцыя гэта самы блізкі і надзейны шлях да росквіту рэгіёну і Злучаных Штатаў. І гаворка тут ідзе пра стратэгію, эканоміку, а ў канчатковым выніку, і пра нашу бяспеку», — адзначыў Дэвід Меркель.

Па словах палітыка, працэс прыватызацыі ў Беларусі прымусіў суседнія краіны, прызнаць той факт, што іх цяперашняе стаўленне да Аляксандра Лукашэнкі толькі падштурхоўвае Беларусь «у абдымкі Масквы» і, што «Беларусь ператварылася ў дзяржаву, якая цалкам належыць Расіі і пуцінскім (прэм’ер-міністра Расіі Уладзіміра Пуціна — Тэлеграф) алігархам».

«Мінск, гледзячы на падзеі жніўня 2008 года, калі Расія напала на сваю маленькую суседку Грузію, усвядоміў неабходнасць развіцця стасункаў з іншымі краінамі, не абмяжоўваючыся сувязямі са сваім цяжкім усходнім суседам. Гэта не кажа аб тым, што Мінск пераарыентуецца на Захад, аднак дадзеныя падзеі знізяць яго залежнасць ад Расіі і дапамогуць яму разнастаіць варыянты супрацоўніцтва на той выпадак, калі Масква ў сваіх дзеяннях стане больш назойлівай», — падкрэсліў Дэвід Меркель.

«Злучаныя Штаты павінны стрымліваць крамлёўскія амбіцыі, выразна заяўляючы аб тым, што Масква не валодае прывілеяванай сферай уплыву на сваіх суседзяў», — лічыць палітык.

Как вам новость?