Меркель заклікала Лукашэнку даць людзям еўрапейскія свабоды

14.05.2011 16:39
Архив Редакция

Афіцыйны прадстаўнік федэральнага ўрада Германіі — прэс-сакратар канцлера ФРГ Ангелы Меркель Штэфан Зайберт ад імя ФРГ заклікаў Мінск неадкладна вызваліць усіх зняволеных. Акрамя таго, па яго словах Ангела Меркель заклікала прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку "забяспечыць нарэшце сваім грамадзянам тыя свабоды, якімі карыстаецца большасць людзей у Еўропе".

Штэфан Зайберт адзначыў, што, наведваючы на гэтым тыдні ў берлінскім Гістарычным музеі фотавыставу «Über Leben» (выжыванне), прысвечаную лагерам бежанцаў, Ангела Меркель успомніла цяжкае становішча беларускай апазіцыі, паведамляе сайт нямецкага ўрада.

Па словах Штэфана Зайберта, урад Германіі выказаў сваю занепакоенасць «у сувязі з палітычнымі працэсамі, якія праходзяць цяпер над удзельнікамі мірнай акцыі 19 снежня». «Гэта людзі, якія мужна заявілі пра свае перакананні, выступілі за свабоду і дэмакратыю. Яны заслугоўваюць нашай салідарнасці», — падкрэсліў прэс-сакратар канцлера Меркель.

Паводле яго слоў, «не можа быць ніякай нармалізацыі адносін паміж Германіяй і Беларуссю, пакуль апазіцыя сядзіць у турме або пад хатнім арыштам і пакуль на парадку дня ў Беларусі стаяць абуральныя парушэнні правоў чалавека».

Как вам новость?
Головоломки