МФК: Беларусі патрэбныя рэформы, а не іх бачнасць

05.11.2010 13:25
Архив Редакция

Кіраўнік прадстаўніцтва Міжнароднай фінансавай карпарацыі Крэйг Бэл заявіў, што апошні даклад "Вядзенне бізнэсу", паводле якога Беларусь заняла 68-е месца з 183 краін, сведчыць аб неабходнасці больш шырокіх глыбінных рэформаў у краіне. На думку эксперта, Беларусь мае патрэбу ў канкрэтных рэформах, а не іх бачнасці.

Разам з тым, Крэйг Бэл падкрэсліў, што даклад МФК хоць і з’яўляецца вельмі аўтарытэтным паказчыкам для патэнцыйных інвестараў, але стратэгія міжнародных арганізацый грунтуецца і на іншых індыкатарах і фактарах пры прыняцці інвестыцыйных рашэнняў.

«Стратэгія МФК не залежыць ад месца Беларусі ў гэтым рэйтынгу. Мы пастаянна рэкамендуем ўраду Беларусі праводзіць эканамічныя пераўтварэнні, якія здольны палепшыць інвестыцыйны клімат у краіне і садзейнічаць росту замежных інвестыцый у эканоміку Беларусі. Даклад «Вядзенне бізнэсу» — гэта толькі адзін з аспектаў вымярэння інвестыцыйнага клімату, а не яго поўная карціна», — адзначыў эксперт.

На думку кіраўніка прадстаўніцтва МФК, улады Беларусі надаюць першарадную ўвагу менавіта гэтаму рэйтынгу, паставіўшы для сябе  за мэту ўвайсці ў першую 30-ку краін з найбольш прывабнымі ўмовамі для бізнэсу. Аднак, па словах Крэйга Бэла, пакуль прагрэс Беларусі «дастаткова сціплы», перадае BEL.BIZ.

«Я лічу, што амбіцыі з нагоды топавай 30-кі пахвальныя. Не пагаджуся з тым, што прагрэс невялікі. Калі параўнаць паказчыкі мінулага года, то па ўсіх, акрамя аднаго, Беларусь або захавала сваё месца ў сусветным рэйтынгу, альбо палепшыла яго. Акрамя таго, у дакладзе гэтага года выключаны адзін з паказчыкаў («наём працоўнай сілы»), па якім Беларусь займала даволі добрае месца ў рэйтынгу — 32-е», — падкрэсліў эксперт МФК.

Бэл: у Беларусі ёсць шанец патрапіць у 30-ку рэйтынгу

Крэйг Бэл перакананы, што калі беларускі ўрад будзе працягваць глыбінныя рэформы, то краіна цалкам зможа патрапіць у 30-ку рэйтынгу карпарацыі. «Для гэтага неабходна сур’ёзная праца», — заявіў эксперт.

Па словах Крэйга Бэла, паляпшэнне пазіцыі ў рэйтынгу, у тым ліку па такіх паказчыках, як «Падаткаабкладанне», «Крэдытаванне», «Міжнародны гандаль», «Ліквідацыя прадпрыемстваў» будзе залежаць ад інтэнсіўнасці правядзення рэформаў. У Беларусі ўжо сёлета па гэтых паказчыках ёсць прагрэс. «Месца не палепшылася, проста скараціўся разрыў. Можа быць, гэта не найлепшая аналогія, але… Скажам, у марафонскім забегу ўдзельнічае 183 спартоўцы, і летась беларускі бягун адстаў ад перадапошняга на 30 хвілін, а сёлета — на 10», — адзначыў эксперт.

Крэйг Бэл таксама паведаміў, што ў цяперашні час вядзецца праца над рэформамі, якія дапамогуць Беларусі палепшыць паказчыкі «Крэдытаванне» (у гэтым годзе ў Беларусі 89-е месца) і «Абарона інвестараў» (93-е месца).

«На мінулым тыдні супрацоўнікі МФК праводзілі відэа-канферэнцыю з удзелам 16 прадстаўнікоў з урада, Цэнтральнага банка, міністэрстваў эканомікі і юстыцыі. Мы, у прыватнасці, абмяркоўваем план дзеянняў па паляпшэнні становішча ў сферы бяспекі транзакцый, што, у сваю чаргу, непасрэдна ўплывае на паказчык «Крэдытаванне»», — заявіў кіраўнік прадстаўніцтва МФК.

Бэл: па шэрагу паказчыкаў Беларусь не зможа павысіць рэйтынг

«Прымаючы пад увагу амбіцыйныя планы ўрада Беларусі, вынікі дакладу могуць выклікаць некаторы засмучэнне. Але яны толькі падкрэсліваюць неабходнасць правядзення больш шырокіх рэформаў. Па шэрагу паказчыкаў Беларусь ужо не можа значна павысіць свой рэйтынг, а значыць трэба працаваць над іншымі, магчыма, больш складанымі паказчыкамі. Спадзяюся і ўпэўнены, што далейшыя рэформы працягнуцца», — падкрэсліў эксперт.

З нагоды метадалогіі падліку рэйтынгу МФК, кіраўнік прадстаўніцтва карпарацыі растлумачыў, што інфармацыя збіраецца з розных крыніц. «Вялікую частку інфармацыі для даследавання прадстаўляюць спецыялісты ў пэўных сферах: бухгалтарскіх або юрыдычных кампаній. Гэта залежыць ад канкрэтнага паказчыку», — адзначыў Крэйг Бэл.

«Урад таксама дае МФК інфармацыю аб рэформах, якія праводзяцца, і мы распаўсюджваем яе сваім калегам. Аднак, мы не ўплываем на тое, як адбываецца збор інфармацыі, гэта не суб’ектыўны, а аб’ектыўны працэс, для кожнага індыкатара прымяняецца распрацаваная метадалогія», — растлумачыў эксперт. Ён таксама падкрэсліў, што метадалогія падліку кожнага паказчыку заснаваная на аб’ектыўнасці.

Як раней паведамляў Тэлеграф, Сусветны банк апублікаваў сёмую штогадовую справаздачу «Вядзенне бізнэсу-2011», падрыхтаваную дзякуючы інфармацыі МФК. Па выніках даследавання, Беларусь заняла 68-е месца са 183 краін свету і апусцілася за год у гэтым рэйтынгу на чатыры пазіцыі. Міжнародныя эксперты не зафіксавалі ніякіх паляпшэнняў у Беларусі ў сферы падаткаабкладання. Па дадзеным паказчыку краіна па-ранейшаму знаходзіцца на апошнім 183-м месцы ў свеце.

Міністэрства па падатках і зборах Беларусі не пагадзілася з методыкай Сусветнага банка і МФК пры складанні штогадовага дакладу «Вядзенне бізнэсу». У жніўні 2010 года міністэрства эканомікі Беларусі прагназавала, што краіна паднімецца ў рэйтынгу «Вядзенне бізнэсу-2011» на дзесяць пунктаў.

Как вам новость?