Мытны камітэт: пошліны на аўто для фізасобаў з ліпеня не павялічацца

26.05.2010 16:13
Архив Редакция

Пошліны на ўвоз у Беларусь аўтамабіляў для фізасобаў з першага ліпеня застануцца на ранейшым узроўні. Пра гэта 26 траўня паведаміў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Аляксандр Шпілеўскі.

«У нас падобныя пазіцыі з Казахстанам, але Расія настроена на тое, каб увесці мытныя пошліны, якія існуюць у дачыненні да юрасобаў. Думаю, што гэта праблема не вырашыцца з першага ліпеня», — цытуе Аляксандра Шпілеўскага БелТА.
Такім чынам, гэта пытанне будзе аформлена ў якасці вынятку з рэжыму адзінай мытнай тэрыторыі. «Калі пра іншае не дамовімся», — дадаў старшыня ДМК.
Акрамя таго, па словах Аляксандра Шпілеўскага, хутчэй за ўсё, захаваецца вынятак па нафце і нафтапрадуктах, бо расійскі бок не змяняе сваю пазіцыю ў дадзеным пытанні.
Пуцін: у поўную сілу Мытны саюз з першага ліпеня не запрацуе
Як раней перадаваў Тэлеграф, прэм’ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін заявіў надоечы, што ў поўную сілу Мытны саюз Беларусі, РФ і Казахстана з першага ліпеня запрацаваць не зможа. Па словах кіраўніка расійскага ўрада, гэтаму перашкодзяць дагэтуль не вырашаныя пытанні паміж краінамі «па асобных параметрах эканамічнага ўзаемадзеяння».
Што да праблемных пытанняў з беларускім бокам, расійскі прэм’ер вылучыў сферу аўтапраму. «Расія мае планы развіцця свайго аўтапраму, падтрымкі існага і развіцця новых прадпрыемстваў. Прычым мы, калі выбудоўвалі гэтыя планы, дасягнулі пэўных дамоўленасцяў з інвестарамі, якія прыйшлі на нашу мытную тэрыторыю, арганізуюць тут вытворчасць, ствараюць працоўныя месцы, прыносяць новыя тэхналогіі. Мы абяцалі ім, што мы будзем трымаць пэўны ўзровень мытнай абароны пры завозе на нашу тэрыторыю новых, тым больш патрыманых машын. Асабліва гэта важна ва ўмовах крызісу, таму што калі мы «з’едзем» з гэтых пазіцый, то будучыня некаторых нашых прадпрыемстваў будзе пад пытаннем. Для нас гэта мае істотнае значэнне», — падкрэсліў Уладзімір Пуцін.

Как вам новость?
Головоломки