Мытныя органы Беларусі з 11 снежня пераходзяць на ўзмоцнены рэжым

07.12.2010 13:08
Архив Редакция

Мытныя органы Беларусі будуць працаваць ва ўзмоцненым рэжыме для паскарэння мытнага афармлення на мяжы ў перыяд з 11 снежня 2010 года па 9 студзеня 2011. Пра гэта распавёў начальнік упраўлення арганізацыі мытнага кантролю Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Уладзімір Арлоўскі.

«Узмацненне рэжыму працы звязана з тым фактам, што звычайна ў гэты перыяд павялічваецца таварапаток праз мяжу, звязаны з неабходнасцю суб’ектаў гаспадарання выконваць свае абавязацельствы па знешнеэканамічных кантрактах», — цытуе прадстаўніка ДМК БелТА.

Да таго ж, па словах Уладзіміра Арлоўскага, падчас калядных і навагодніх святаў і канікул традыцыйна ўзмацняецца і пасажырапаток. «У гэты час больш грамадзян перасякае мяжу, і ў асноўным — з мэтай турызму. У сувязі з гэтым ДМК і прыняў рашэнне аб узмацненні рэжыму работы мытных органаў у перыяд з 11 снежня па 9 студзеня», — адзначыў начальнік упраўлення арганізацыі мытнага кантролю ДМК.

Пры гэтым Уладзімір Арлоўскі дадаў, што ў мытных пунктах пропуску будзе часова павялічана колькасць працоўных месцаў і колькасны склад дзяжурных змен. Акрамя таго, вызначана 45 унутраных пунктаў мытнага афармлення ва ўсіх рэгіёнах краіны, дзе будзе арганізавана праца ў выходныя і святочныя дні. Па словах Арлоўскага, гэта значна скароціць часавыя затраты суб’ектаў гаспадарання на здзяйсненне мытных аперацый.

Как вам новость?