Мытня Беларусі гатовая да працы ва ўмовах Мытнага кодэксу МС

30.06.2010 08:47
Архив Редакция

Мытныя органы Беларусі гатовыя працаваць ва ўмовах Мытнага кодэксу Мытнага Саюза, які ўступае ў сілу з першага ліпеня гэтага года, і гатовыя выконваць ускладзеныя на іх функцыі. Пра гэта заявіў намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Сяргей Барысюк напярэдадні калегіі ДМК, прысвечанай гэтай тэме.

Па словах намесніка старшыні ДМК, гаворка ідзе пра стан нарматыўна-прававой базы, неабходнай для рэалізацыі палажэнняў Мытнага кодэксу, аб прымяненні мытных працэдураў і мытнага кантролю, паведамляе БелТА.

«Закладзеныя ў кодэкс прынцыпы і парадак мытнага рэгулявання ў цэлым, па сутнасці, не адрозніваюцца ад ужываных у цяперашні час у Беларусі. Нязначныя новаўвядзенні збалансаваны пераходным перыядам іх увядзення. Гэта дазволіць суб’ектам гаспадарання адаптавацца да новых умоваў мытнага рэгулявання», — адзначыў Сяргей Барысюк.

Па словах прадстаўніка Дзяржаўнага мытнага камітэта, падрыхтоўка нарматыўна-прававой базы ў развіццё Мытнага кодэксу запатрабавала перагледзець асобныя нормы нацыянальнага мытнага заканадаўства, арганізацыйнае і праграмнае забеспячэнне інфармацыйнага абмену. «Зроблена ўсё неабходнае па ўладкаванні мытнай інфраструктуры», — паведаміў Сяргей Барысюк.

«Такім чынам, прынятыя мытнымі органамі Беларусі меры прававога, арганізацыйнага і тэхнічнага характару дазваляюць канстатаваць гатоўнасць да ажыццяўлення кантролю ва ўмовах Мытнага кодэксу Мытнага саюза», — рэзюмаваў намеснік старшыні ДМК.

ДМК: бізнэс не адчуе негатыву ў сувязі з увядзеннем Мытнага кодэксу Мытнага саюза

Акрамя таго, Сяргей Барысюк адзначыў, што беларускі бізнэс не адчуе негатыву ў сувязі з увядзеннем у дзеянне Мытнага кодэксу Мытнага саюза. «Суб’екты знешнегандлёвай дзейнасці Беларусі не адчуюць негатыўных момантаў у сувязі з пераходам на Мытны кодэкс Мытнага саюза», — падкрэсліў намеснік старшыні ДМК.

«Мы спадзяемся, што суб’екты прадпрымальніцкай дзейнасці адчуюць спрашчэнне пэўных адміністрацыйных працэдураў, звязаных з ажыццяўленнем знешнегандлёвай дзейнасці», — дадаў прадстаўнік Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Сяргей Барысюк таксама патлумачыў, што з прыняццем Мытнага кодэкса не толькі адмяняецца кантроль на мяжы. Па словах намесніка старшыні ДМК, будзе дзейнічаць уніфікаваны пералік дакументаў, неабходных для мытных мэтаў, а таксама ўніфікаваны парадак правядзення ўсіх формаў мытнага кантролю, прадугледжаны Мытным кодэксам.

«Уніфікуюцца і мытныя працэдуры. Такім чынам, з першага ліпеня не толькі здымаецца мытны кантроль на ўнутраных межах дзяржаў, але і спрашчаецца вялікі спектр разнастайных мытных фармальнасцяў», — падсумаваў намеснік старшыні ДМК.

Как вам новость?