Мытнікі Беларусі і Літвы абмеркавалі сумесныя тэхнічныя праекты

07.10.2010 10:51
Архив Редакция

Мытныя службы Беларусі і Літвы абмеркавалі пытанні рэалізацыі сумесных праектаў у рамках праграм міжнароднай тэхнічнай дапамогі і трансмяжовага супрацоўніцтва. Як паведамілі ў ДМК Беларусі, мытная служба Літвы паведаміла аб стане спраў па рэалізацыі праекту заснавання сумеснага літоўска-беларускага мытнага цэнтру па абмене інфармацыяй.

Акрамя таго, у ходзе сустрэчы генеральны дырэктар Мытнага дэпартаменту пры Міністэрстве фінансаў Літвы Антанас Шыпавічус і старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Аляксандр Шпілеўскі ўзгаднілі дату падпісання заявы аб партнёрстве ў рамках праекту мадэрнізацыі памежнага пункту пропуску «Прывалка». У рамках праекту дадзены пункт пропуску на беларуска-літоўскай мяжы будзе забяспечаны новым абсталяваннем, заснаваным на тэхналогіях неінтрузіўнага дагляду.

Літва плануе падтрымаць праект будаўніцтва і добраўпарадкавання пункту пропуску «Прывалка», ацэнены ў 13 млн. еўра, пры яго разглядзе ў Сумесным маніторынгавым камітэце Праграмы трансмяжовага супрацоўніцтва «Латвія-Літва-Беларусь» Еўрапейскага інструменту добрасуседства і партнёрства.

Акрамя таго, Беларусь прапанавала літоўскаму боку падаць сумесны праект па ўладкаванні інфраструктуры пункту пропуску «Каменны Лог — Меднікі (Мядзінінкай)» у рамках аналагічнага праекту па Праграме трансмяжовага супрацоўніцтва «Латвія-Літва-Беларусь» Еўрапейскага інструменту добрасуседства і партнёрства.

У ходзе сустрэчы кіраўнікі мытных ведамстваў Беларусі і Літвы таксама абмеркавалі магчымасць правядзення сумесных аперацый, накіраваных на выяўленне мытных правапарушэнняў, з прыцягненнем іншых дзяржаў Еўрасаюза.

Як адзначылі ў ДМК, найбольш цеснае ўзаемадзеянне мытнікаў дзвюх краін наладжана ў сферы спынення незаконнага абароту падакцызнай прадукцыі, у першую чаргу — тытунёвых вырабаў. Такое двухбаковае супрацоўніцтва прыносіць адчувальныя вынікі ў выглядзе канфіскацыі на беларуска-літоўскай мяжы буйных партыяў цыгарэт, якія незаконна перамяшчаюцца ў краіны Еўрасаюза.

Как вам новость?
Головоломки