Мытнікі будуць змагацца з бяспошліннымі тэлевізарамі

02.09.2010 15:55
Архив Редакция

З-за адмены мытных пошлінаў пасля ўступлення Беларусі ў Мытны саюз людзі пачалі вазіць з-за мяжы нашмат больш бытавой тэхнікі. Як расказалі на памежным пераходзе "Брэст-Цэнтральны", беларусы пачалі значна часцей увозіць у краіну тэлевізары. "Гэтае пытанне стаіць даволі востра. Таму што кантраляваць яго ўсё ж трэба, а рабіць гэта даволі складана", — кажуць мытнікі.

Пасля ўступлення ў сілу новых мытных правілаў, замест 35 можна правозіць 50 кілаграмаў багажу без растаможкі. Больш за тое, цяпер не трэба растаможваць, напрыклад, тэлевізар, калі ён важыць да 35 кілаграмаў і каштуе да 1,5 тысяч даляраў, паведамляе «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Па словах прадстаўніка берасцейскай мытні, калі чалавек правозіць адзін тэлевізар на год і гэта яго першая за год паездка за мяжу, то ніякіх пытанняў да яго не ўзнікне. Іншая справа, як кантраляваць тых, хто ездзіць за мяжу часта: каб людзі не рабілі на гэтым паслабленні бізнэс і не зрывалі дзяржаўную праграму па імпартазамяшчэнні.

«Калі адзін раз на год, то ніякіх праблем не будзе. Але калі чалавек ездзіць два разы на дзень, і такое здараецца, а потым гэты тавар з’яўляецца на рынку ці прадаецца праз аб’явы ці пад заказ прывозіцца — гэта ж таксама непарадак. У выніку, вы ж самі разумееце, супрацоўнікі мытні не сёння-заўтра, а праз год-два, могуць за гэта адказваць. Хоць і не заўсёды, скажам так, здзяйсняючы супрацьпраўныя дзеянні», — кажа прадстаўнік берасцейскай мытні.

«Таму мы прапануем людзям запаўняць дэкларацыі — і тады яны ў базу дадзеных трапляюць, і мы можам хоць неяк кантраляваць гэта. Бо ў яго ж на ілбе не напісана, што ён учора тэлевізар прывёз, праўда?» — адзначае мытнік.

Как вам новость?
Головоломки