Мядзведзеў: Мытны саюз з Мінскам і Астаной — выпакутаваны

14.07.2010 08:50
Архив Редакция

Прэзідэнт Расіі Дзмітры Мядзведзеў заявіў на паседжанні дзяржсавета, што РФ настроена працягваць інтэграцыю з Беларуссю і Казахстанам у рамках Мытнага саюза. "Гэты саюз выпакутаваны. Гэта наш курс стратэгічны. Мы нікуды не адварочваемся, наадварот, хочам, каб ступень нашай інтэграцыі была ўсё большай і большай», — падкрэсліў расійскі лідар.

Па словах кіраўніка расійскай дзяржавы, пакуль пры фармаванні Мытнага саюза ёсць цяжкасці, звязаныя з неабходнасцю стыкоўваць пэўныя інтарэсы краін-удзельніц, перадае РИА «Новости». Разам з тым, Дзмітры Мядзведзеў выказаў упэўненасць у тым, што «мы іх састыкуем», адзначыўшы, што «нічога звышскладанага тут няма».

Прэзідэнт Расіі таксама нагадаў удзельнікам паседжання аб неабходнасці ўлічваць пры фармаванні Мытнага саюза інтарэсы расійскіх вытворцаў, у прыватнасці, у сферы аграпрамысловага комплексу.

«Нам трэба ўжо цяпер разумець, што будзе адбывацца, напрыклад, з нашай жывёлагадоўляй, з нашай птушкагадоўляй ў выніку стварэння Мытнага саюза. Я тут згодны, што трэба палічыць балансы, якія паўстануць у выніку гэтага аб’яднання — і ў частцы магчымасцяў Беларусі, і наогул у сувязі з тым, што мы ствараем адзіны і адкрыты рынак», — сказаў расійскі лідар.

Мытны саюз Беларусі, Расіі і Казахстана запрацаваў на трохбаковай аснове з шостага ліпеня 2010 года, калі на тэрыторыі ўсіх трох краінаў уступіў у сілу Мытны кодэкс МС. Адзіную мытную прастору на тэрыторыі Беларусі, Расіі і Казахстана плануецца сфармаваць да першага ліпеня 2011 года, калі мытныя межы паміж дзяржавамі павінны будуць знікнуць.

Чакаецца, што потым з першага студзеня 2012 года запрацуе Адзіная эканамічная прастора і будуць адмененыя ўсе мытныя пошліны, а тэрыторыі ўсіх трох краінаў будуць уведзены адзіныя ўмовы працы бізнэсу.

Как вам новость?
Головоломки