Мясніковіч: Беларусь атрымае ад ЕўрАзЭС да 3,5 млрд даляраў

19.05.2011 17:15
Архив Редакция

Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч заявіў, што Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС выдзеліць Мінску крэдыт у памеры 3-3,5 млрд даляраў на працягу трох гадоў. "Сума крэдыту складзе тры мільярды, нават, можа быць, 3,5. Умовы ўсе ўзгодненыя, сумы таксама вывераныя", — падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.

«Пытанне даўно прапрацоўваецца, ёсць дамоўленасці, якія замацаваны ў адпаведнай матрыцы: што мы павінны рабіць, каб эфектыўна распарадзіцца пазычанымі сродкамі», — прыводзіць словы прэм’ера БелаПАН.

Міхаіл Мясніковіч запэўніў, што Беларусь настроена з дапамогай крэдыту ЕўрАзЭС хутка вырашыць назапашаныя праблемы і ў далейшым зарабіць па сцэнары, які б забяспечваў збалансаваную работу эканомікі.

Што тычыцца ўмоваў прадстаўлення крэдыту, яны макраэканамічныя, распавёў прэм’ер-міністр Беларусі і дадаў, што стаўка па дадзеным крэдыце будзе ніжэйшай за камерцыйную.

Як раней перадаваў Тэлеграф, у апошнія месяцы Беларусь сутыкнулася з вострым недахопам валюты, у выніку чаго курс даляра на міжбанкаўскім рынку 19 траўня ужо дасягнуў адзнакі ў 9000 беларускіх рублёў (дэвальвацыя ў параўнанні з пачаткам валютнага ажыятажу склала 200%). На думку экспертаў, як беларускіх, так і замежных, для выхаду з крызісу Беларусі неабходна ад 8 да 10 млрд даляраў.

Как вам новость?