Мясніковіч: эканоміка АПК Беларусі ў жахлівым стане

15.02.2011 14:50
Архив Редакция

Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч рэзка раскрытыкаваў эканоміку аграпрамысловага комплексу краіны і выказаў сумневы ў тым, што да 2015 году атрымаецца павялічыць экспарт сельгаспрадукцыі да сямі мільярдаў даляраў. "Гэта вельмі складана, у тым ліку і таму, што эканоміка галіны, у прынцыпе, у вельмі дрэнным стане, я б сказаў, у жахлівым", — сказаў прэм'ер.

Па словах кіраўніка ўрада, мераў для выхаду на вышэйуказаную суму пры цяперашніх чатырох мільярдах даляраў дадатнага сальда ў экспарце сельгаспрадукцыі, «у тым ліку прапанаваных у дакументах мы, на жаль, не бачым», перадае БелТА.

Прэм’ер-міністр адзначыў, што па ўсіх асноўных напрамках у сельскай гаспадарцы існуюць зацверджаныя праграмы, аднак ім не хапае сістэмнага падыходу. «Быццам бы на ўсе выпадкі жыцця ёсць ужо распісаны рэгламент, але праграмы самі па сабе не рэалізуюцца, патрэбна практычная праца, патрэбен канкрэтны сістэмны падыход», — заявіў Міхаіл Мясніковіч.

Кіраўнік урада растлумачыў, што мае на ўвазе «арганізацыйныя пытанні, пытанні, звязаныя з эканомікай галіны, прававым забеспячэннем, матэрыяльна-тэхнічнай базай і кадрамі». «Я бачу пяць гэтых пытанняў, якія павінны прысутнічаць», сказаў прэм’ер.

Акрамя таго, ён звярнуў увагу і на «дастаткова вялікія» даўгі арганізацый АПК, якія «трэба развязваць ў абавязковым парадку».

«Патрэбны сістэмны падыход, давайце будаваць нашу працу з улікам тых задач, якія павінен вырашаць ўрад, а не ўмешвацца ў гаспадарчую дзейнасць і не спрабаваць пісаць у нашых рашэннях агульнавядомыя рэчы», — падсумаваў прэм’ер-міністр Беларусі.

Как вам новость?