Мясніковіч: крэдыт ЕўрАзЭС у абменнікі не паступіць

27.06.2011 09:29
Архив Редакция

Беларускія ўлады накіруюць першы транш стабілізацыйнага крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС на ўмацаванне золатавалютных рэзерваў краіны. Пра гэта 24 чэрвеня заявіў прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч. Такім чынам, гэтыя валютныя сродкі не паступяць у абменныя пункты беларускіх банкаў для наступнага продажу насельніцтву.

«Вядома, шмат у чым сітуацыя на валютным рынку справакаваная ажыятажным попытам на аўтамабілі. У Беларусь за шэсць месяцаў было ўвезена з-за мяжы дадаткова 160 тыс. аўтамабіляў. Нават калі ў сярэднім кожны аўтамабіль каштаваў 10 тыс. даляраў, то нескладана палічыць, які аб’ём валюты спатрэбіўся на гэтыя мэты. Валюту, якую зарабіла усё грамадства», — цытуе прэм’ера БелТА.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, першы транш стабілізацыйнага крэдыту ЕўрАзЭС у памеры 800 млн даляраў паступіў у Беларусь 21 чэрвеня.

Мясніковіч: даляр пакуль расці не будзе

Курс даляра «пакуль што» не вырасце, заявіў Міхаіл Мясніковіч. Аднак палітык не ўдакладніў, які перыяд часу ён меў на ўвазе. Кіраўнік урада адзначыў, што рэальны курс даляра вагаецца ў межах ад 4,5 — 5,5 тыс. рублёў, і ён захаваецца, калі «мы не справакуем яго эмісійным крэдытаваннем эканомікі: на жыллё, фермы, дарогі».

«Забяспечыць адначасова валютную стабільнасць і развіццё немагчыма, гэтыя дзве задачы не вырашаюцца ў сукупнасці, як нельга прымаць снатворнае разам паслабляльным. Спачатку трэба навесці парадак на валютным рынку, а потым займацца пытаннямі развіцця», — сказаў кіраўнік урада.

Ён паабяцаў, што ў насельніцтва будзе магчымасць набываць замежную валюту для лячэння, камандзіровачных паездак і ў іншых падобных выпадкаў. Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, купіць валюту прыватныя асобы змогуць у абменных пунктах па меры яе паступлення туды ад насельніцтва. Напрыклад, паведаміў прэм’ер, у абменныя пункты краіны за травень паступіла больш за 200 млн даляраў, з іх было куплена 150-160 млн даляраў.

«Ёсць тры ступені беднасці беларуса: першая — грошай няма, другая — грошай наогул няма, трэцяя — прыйдзецца прадаваць даляры», — успомніў ён вядомы жарт.

Как вам новость?