Мясніковіч: масавых звальненняў і ўсплёску беспрацоўя не будзе

11.01.2011 11:46
Архив Редакция

Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч 11 студзеня заявіў, што ў 2011 годзе масавых звальненняў і ўсплёску беспрацоўя ў краіне не будзе. Па словах кіраўніка ўрада, у разгар сусветнага фінансавага крызісу ў Беларусі забяспечана занятасць насельніцтва і сацыяльная абарона людзей.

Выступаючы на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў, на якім разглядаўся праект дзяржаўнай праграмы садзейнічання занятасці насельніцтва Беларусі на 2011 год, Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што нават ва ўмовах мадэрнізацыі эканомікі ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя ў Беларусі складае 0,7% да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. У той жа час у Вялікабрытаніі гэты паказчык складае 7,9%, у Польшчы — 9,4%, у Літве — 13%, у Расіі — 9,2%, перадае БелТА.

«Дзяржава павінна клапаціцца не проста аб занятасці насельніцтва, а аб занятасці высокапрадукцыйнай працай. Нараўне з колькаснымі паказчыкамі неабходна забяспечваць і якасныя», — падкрэсліў беларускі прэм’ер.

Міхаіл Мясніковіч таксама паведаміў, што ў найбліжэйшыя пяць гадоў колькасць занятых у эканоміцы плануецца павялічыць у 1,6 раза без зніжэння прадукцыйнасці працы. «Разлікова мы гаворым аб стварэнні аднаго мільёна працоўных месцаў з дабаўленым коштам 60 тыс. даляраў на аднаго занятага па парытэту пакупніцкай здольнасці. Сёння ў Беларусі гэты паказчык у 2,45 разы ніжэй, чым у сярэднім у Еўрасаюзе. Тэмп росту, які варта забяспечыць за пяцігодку ў Беларусі, — у 2,6 раза», — растлумачыў прэм’ер-міністр.

Мясніковіч: у 2011 годзе ў Беларусі плануецца стварыць 175 тыс. працоўных месцаў

Паводле праекту дзяржпраграмы, у 2011 годзе прадугледжваецца стварэнне 175 тыс. працоўных месцаў. Большая частка з іх будзе створана ў буйных гарадах і толькі чвэрць — у малых гарадах і сельскай мясцовасці.

На думку Міхаіла Мясніковіча, больш за ўсё праблем — у населеных пунктах з нестабільна працуючымі горадаўтваральнымі прадпрыемствамі. Паколькі тут рынак працы наўпрост залежыць ад дзейнасці такога прадпрыемства, неабходна праводзіць пастаянны маніторынг у гэтых населеных пунктах.

У сваю чаргу міністр працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна заявіла, што на рэалізацыю дзяржпраграмы садзейнічання занятасці насельніцтва Беларусі ў 2011 годзе будзе накіравана больш за 171 млрд. рублёў. Па словах міністра, большая частка сродкаў будзе накіравана на фінансаванне мерапрыемстваў, звязаных з ажыццяўленнем актыўных мераў палітыкі занятасці насельніцтва.

Как вам новость?
Головоломки