Мясніковіч прапанаваў Пуціну ствараць буйныя сумесныя прадпрыемствы

20.01.2011 16:30
Архив Редакция

Кіраўнік Саўміна Беларусі Міхаіл Мясніковіч 20 студзеня на сустрэчы з прэм'ер-міністрам РФ Уладзімірам Пуціным у Маскве заявіў, што цяперашнія формы супрацоўніцтва суб'ектаў гаспадарання дзвюх краін састарэлі. «Трэба выходзіць на стварэнне буйных сумесных кампаній, навукова-вытворчых карпарацый. Магчыма, і з удзелам трэціх краін», — лічыць ён.

Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, Расія з’яўляецца для Беларусі стратэгічным партнёрам. «Для нашага ўраду Расійская Федэрацыя — стратэгічны партнёр, гэта адназначна», — сказаў кіраўнік саўміна Беларусі.

Прэм’ер-міністры падзякавалі расійскаму і беларускаму ўрадам за праведзеную работу па Мытным саюзе. «Тое, што падпісаны ўсе базавыя дакументы, стварыла сур’ёзную аснову, каб рухацца наперад у стварэнні Адзінай эканамічнай прасторы», — лічыць Міхаіл Мясніковіч.

Беларускі прэм’ер нагадаў, што Беларусь ратыфікавала абсалютна ўсе дакументы для працы Адзінай эканамічнай прасторы. У сувязі з гэтым ён спадзяецца, што ў хуткім часе Казахстан і РФ таксама скончаць неабходныя ўнутрыдзяржаўныя працэдуры.

«Неабходна стварыць ўвесь алгарытм, каб з 1 студзеня запусціць АЭП у поўным аб’ёме. Самае галоўнае — стварыць роўныя ўмовы для суб’ектаў гаспадарання, іншымі словамі — роўныя ўмовы для іх канкурэнцыі», — адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

Как вам новость?