Мясніковіч: раздачы дзяржуласнасці не будзе

22.04.2011 14:40
Архив Редакция

Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч 22 красавіка на пасяджэнні Саўміна назваў неабгрунтаванымі заявы аб раздачы дзяржуласнасці ў Беларусі. "Ніякай раздачы дзяржуласнасці ў Беларусі не было і не будзе. Я даў даручэнне старшыні Дзяржкаммаёмасці разглядаць гэтае пытанне з аблвыканкамамі комплексна", — сказаў ён.

«Калі гаворка ідзе аб прыватызацыі, то ў нас яна платная, на конкурснай аснове прыватызацыя, за грошы. Калі прадаецца дзяржаўны або камунальны аб’ект або яго частка, гэтыя сродкі не павінны растварацца на бягучае спажыванне, а накіроўвацца на стварэнне новых аб’ектаў дзяржаўнай і камунальнай уласнасці», — адзначыў прэм’ер, перадае БелТА.

Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, занепакоенасць выклікае праца па прыцягненні прамых замежных інвестыцый у Віцебскай вобласці, праблемы ў гэтай сферы ёсць таксама ў Берасцейскай і Гомельскай абласцях і Мінску. «З боку шэрагу кіраўнікоў абласцей у чарговы раз падымаліся пытанні няўзгодненасці рэгіянальнага і галіновага узроўняў. Я гэта расцэньваю як пэўную бездапаможнасць міністэрства эканомікі і камітэтаў эканомікі адпаведных аблвыканкамаў», — падкрэсліў кіраўнік урада.

Гаворачы аб інвестыцыях у лёгкую прамысловасць, ён адзначыў, што яны «скараціліся амаль напалову, замежных крыніц практычна няма і не праглядаецца». «Нават малюсенькія» заданні па прыцягненні замежных інвестыцый не выконвае і канцэрн «Белбіяфарм», а доля інвестыцый у машыны і абсталяванне ў структуры інвестпартфеля вырасла толькі да 38% пры запланаваных 50%. «У вельмі цяжкім становішчы знаходзяцца энергетычныя будоўлі, на планавыя аб’ёмы гэтага года не хапае каля траціны рэальных крыніц фінансавання», — сказаў Міхаіл Мясніковіч.

У сувязі з гэтым ён запатрабаваў ад міністэрстваў шчырай размовы па ўказаных праблемах, а не стогнаў «аб тым, што нешта не ўдалося». Прэм’ер таксама раскрытыкаваў тэмпы распрацоўкі новай рэдакцыі інвестыцыйнага кодэксу дакументаў, назваўшы іх вельмі павольнымі. «Усе тэрміны, магчымыя і немагчымыя, праваленыя, аналагічная сітуацыя і са стратэгіяй работы па прыцягненні прамых замежных інвестыцый», — заявіў ён.

Как вам новость?
Головоломки