Мясніковіч: улады нічога не робяць для паляпшэння працы малочнай галіны

01.02.2011 16:19
Архив Редакция

Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч 1 лютага на пасяджэнні Саўміна запатрабаваў павысіць эфектыўнасць працы малочнай галіны. Паводле яго слоў, прайшло шэсць месяцаў з таго часу, як было вырашана павялічыць да 2015 года вытворчасць малака з 6 да 10 млн. тон, але "ні мінсельгасхарч, ні аблвыканкамы, акрамя Мінскага, нічога ў гэтым кірунку канкрэтнага не зрабілі".

На думку прэм’ера, для развіцця малочнай галіны неабходная магутная база: кармы, рэзкае нарошчванне пагалоўя высокапрадукцыйных кароў, сучасныя малочна-таварныя фермы, глыбокая перапрацоўка з шырокім асартыментам высокаліквіднай прадукцыі. «Каб павялічыць у два разы экспарт — такая задача ставіцца, а гэта 6,5 млн. тон у пераліку на малако, — патрэбныя магутныя партнёры з сусветнымі брэндамі, краінавыя стратэгіі. Аднак акрамя размоў практычных спраў пакуль няма», — адзначыў ён, перадае БелТА.

Як лічыць кіраўнік урада, «каб трымаць каля 10% сусветнага рынку малочнай прадукцыі, проста эпізадычных паставак недастаткова», бо патрэбна магутная індустрыя са сваёй лагістыкай, выверанай эканомікай і доўгатэрміновай стратэгіяй. «Не варта ўпускаць і нацыянальныя інтарэсы, асабліва ў пытаннях цэнаўтварэння як на сыравіну, так і гатовую прадукцыю. Трэба працаваць гнутка, рэагаваць на сусветную кан’юнктуру, баланс попыту і прапановы», — адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

Беларускі прэм’ер таксама заявіў аб неабходнасці выбудоўваць ўзаемавыгадныя адносіны з транснацыянальнымі карпарацыямі.

Как вам новость?