Мясніковіч зацвердзіў план прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў

23.03.2011 10:46
Архив Редакция

Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч 21 сакавіка падпісаў пастанову Савета міністраў № 348, якім зацвердзіў план прыватызацыі аб'ектаў дзяржаўнай уласнасці. Таксама пастановай зацверджаны план пераўтварэння рэспубліканскіх унітарных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянерныя таварыствы на 2011-2013 гады.

У названы перыяд рэспубліканскія органы дзяржкіравання і дзяржарганізацыі, якія знаходзяцца ў падначаленні Савета міністраў, павінны разам з Дзяржаўным камітэтам па маёмасці правесці працы для выканання плана прыватызацыі да 1 снежня, паведамілі ва ўрадзе.

Акрамя таго, на працягу двух месяцаў пералічаныя арганізацыі павінны прадставіць у Дзяржкаммаёмасці прапановы аб ліку акцый адкрытых акцыянерных таварыстваў, якія падлягаюць прыватызацыі, і спосабе іх прыватызацыі, а ў выпадку продажу па конкурсе — прапановы аб умовах правядзення такога конкурсу і гадавыя бухгалтарскія балансы ААТ на 1 студзеня 2011 года.

У 2012-2013 гадах арганізацыі павінны да 15 красавіка прадстаўляць у Дзяржкаммаёмасць гадавыя бухгалтарскія балансы на 1 студзеня 2012 і 2013 гадоў ААТ, акцыі якіх не былі прададзеныя.

За правядзенне працаў па выкананні плана нясуць персанальную адказнасць кіраўнікі названых органаў і арганізацый, пастанова ўступае ў сілу з моманту афіцыйнага апублікавання.

У план прыватызацыі на 2011 — 2013 гады ўваходзіць адно рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства, маёмасны комплекс якога падлягае прыватызацыі. Гэта Магілёўскае РУП электраэнергетыкі «Магілёўэнерга», філіялам якога з’яўляецца Бабруйскі завод драўнянавалакністых пліт.

Таксама ў план прыватызацыі ўваходзіць 244 гаспадарчыя таварыствы, акцыі якіх падлягаюць прыватызацыі. Сярод іх — Бабруйскі машынабудаўнічы завод, завод прыбораў аўтаматычнага кантролю ў Оршы, Паліграфкамбінат імя Якуба Коласа ў Мінску, Слуцкая мэблевая і Пухавіцкая кардонная фабрыкі, Барысаўскі рамонтна-механічны завод, Папяровая фабрыка «Чырвоная зорка» ў Чашніках, Мінскі эксперыментальна-фурнітурны завод, абутковая і швейная фабрыкі ў Баранавічах і Бабруйску, Слонімскі, Барысаўскі і Гомельскі аўтарамонтныя заводы.

У канцэрне «Белнафтахім» на продаж будуць выстаўлены акцыі Гарадзенскага механічнага завода, ААТ «Медпласт» у Гомелі, ААТ «Прамжылбуд» у Магілёве і ААТ «Рэчыцкі тэкстыль».

Што тычыцца плана пераўтварэння рэспубліканскіх унітарных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянерныя таварыствы, у яго ходзяць 134 РУП.

Напрыклад, даччыныя прадпрыемствы «Беларуснафты» — рэспубліканскія даччыныя ўнітарныя прадпрыемствы па забеспячэнні нафтапрадуктамі «Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт», «Беларуснафта-Гомельаблнафтапрадукт», «Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт». У спісе таксама ёсць вытворчае аб’яднанне «Беларуснафта» (Гомель) і Светлагорскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно».

Как вам новость?
Головоломки