Барацьба за імпартныя і экспартныя пошліны, якая ідзе ў Мытным саюзе Беларусі, Расіі і Казахстана, дэстабілізуе бізнэс. Пра гэта распавёў прэзідэнт Савета дырэктараў AsstrA Holding Франк Мюлер.
«Нягледзячы на тое, што Мытны саюз у цэлым стварае больш прывабныя ўмовы для бізнэсу, невядомасць, звязаная са стварэннем новай эканамічнай прасторы, дае адваротны эфект. Бізнэсу патрэбная стабільнасць. Лепш ужо вяртанне да ранейшых умоваў, чым дэстабілізацыя», — сказаў кіраўнік міжнароднай транспартна-лагістычнай кампаніі.
«Калі ў Швейцарыі плануецца нейкая змена заканадаўства, то ўрад інфармуе пра гэта грамадскасць за тры гады. У гэты час праводзяцца семінары, канферэнцыі, на якіх тлумачыцца, што дадзеныя змены прынясуць», — расказаў Франк Мюлер, са шкадаваннем адзначыўшы, што ў Беларусі змены заканадаўства праводзяць інакш, паведамляе «Ежедневник».
Тым не менш, швейцарскі спецыяліст станоўча ацэньвае досвед працы з беларускімі партнёрамі. Па яго словах, беларусы добра ставяцца да тэхнікі, «стаяць на зямлі, а не лунаюць у аблоках» і могуць працаваць у іншых краінах, маючы беларускія карані. «Калі мне прапануюць аднолькавую цану беларусы і расіяне, я перавагу аддам беларусам. Таму што ў іх якасць крыху вышэйшая», — дадаў Франк Мюлер.