Міліцыя разагнала акцыю з нагоды 20-годдзя Дэкларацыі аб суверэнітэце

28.07.2010 10:21
Архив Редакция

27 ліпеня супрацоўнікі міліцыі разагналі акцыю апазіцыі, прымеркаваную да 20-й гадавіны Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі. Чацвярых удзельнікаў акцыі затрымалі. Іх даставілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна. Затрыманыя абвінавачваюцца па арт. 17.1 кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях - дробнае хуліганства. Суды над імі пройдуць 28 ліпеня.

На плошчы Якуба Коласа ў Мінску сабралася ад 30 да 50 чалавек. У 18:05 каля помніка паэту моладзь пачала чытаць вершы на беларускай мове. У гэты час да іх падыйшоў міліцыянт у цывільным і папярэдзіў, што акцыя несанкцыянаваная, перадае прэс-служба аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

Усклаўшы кветкі да помніка Якубу Коласу, апазіцыянеры накіраваліся да манумента ў гонар Янкі Купалы і Максіма Багдановіча, дзе таксама збіраліся ўскласці кветкі і прачытаць вершы. Але міліцыянты заступілі ім дарогу.

На выхадзе з плошчы Якуба Коласа міліцыянты паспрабавалі затрымаць намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, але прысутныя не далі ім гэта зрабіць. Тады міліцыянты з ужываннем сілы затрымалі чатырох апазіцыянераў: лідара руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка, а таксама актывістаў Міколу Дземідзенку, Андрэя Кіма і Кацярыну Давыдзік, паведамляе БелаПАН.

Як заявіла прадстаўніца БХД Валерыя Чарнаморцава, «Андрэя Кіма цягнулі падчас арышту па асфальце, у яго да крыві абадраныя локці». Затрыманых змясцілі ў міліцэйскую машыну і даставілі ў Савецкае РУУС, пасля чаго іх перавезлі на Акрэсціна, паведаміла апазіцыянерка.

Акрамя таго, днём 27 ліпеня апазіцыянеры ўсклалі кветкі да магілаў дэпутатаў, якія прынялі ў 1990 годзе Дэкларацыю незалежнасці Беларусі, а таксама вядомых грамадскіх і палітычных дзеячаў, якія ўдзельнічалі ў адраджэнні дзяржаўнага суверэнітэту краіны, перадае Euramost.org.

У акцыі ўдзельнічалі былыя дэпутаты Лявон Баршчэўскі і Лявон Дзейка, паэт Генадзь Бураўкін, старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас, Вячаслаў Сіўчык, старшыня ПБНФ Аляксей Янукевіч, яго намеснік Рыгор Кастусёў і іншыя.

Апазіцыянеры ўсклалі кветкі і ўсталявалі лампадкі ля магілаў народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12-га склікання Генадзя Карпенкі, Васіля Шаладонава, Ігара Герменчука, Дзмітрыя Булахава, фатографа Уладзіміра Кармілкіна, беларускага паэта, актыўнага дзеяча БНФ Артура Вольскага, мастака Яўгена Куліка і іншых.