Міліцыя: выпадкі жаночага махлярства на сайтах знаёмстваў пачасціліся

23.07.2010 11:03
Архив Редакция

У Мінску пачасціліся выпадкі махлярства праз інтэрнэт. З дапамогай сайтаў знаёмстваў дзяўчаты дамаўляюцца аб сустрэчы і па розных прычынах просяць мужчынаў заправіць палівам іх аўтамабіль, аплаціць рахункі або купіць ім дарагую рэч. Займеўшы жаданае, дзяўчаты адразу ж знікаюць і перастаюць выходзіць на кантакт. Пра гэта паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама.

У якасці прыкладу махлярства супрацоўнікі міліцыі прывялі выпадак мінчука, які звярнуўся на сайт мінскага ГУУС.

17 ліпеня ў 20:30 у Лошыцы ў раней прызначаным месцы пацярпелы сеў у машыну дзяўчыны, з якой пазнаёміўся на сайце знаёмстваў. Тая, у сваю чаргу, папрасіла аплаціць бензін, паколькі ў яе не было грошай. Дзяўчына таксама прапанавала на наступны дзень разам паехаць на возера. Пасля таго, як пацярпелы заплаціў за паліва 38 тыс. рублёў (13 даляраў), яны разам накіраваліся ў кавярню, дзяўчына сказала, што ёй трэба адысціся на сем хвілінаў, і знікла. Праз пэўны час ад дзяўчыны прыйшло SMS: «Я ад’ехала з сяброўкай, заўтра ўсё ў сіле, стэлефануемся». Больш яна на сувязь не выходзіла, паведамілі ў міліцыі.

У сувязі са здарэннем ГУУС Мінгарвыканкама нагадвае, што паводле Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь такое дзеянне кваліфікуецца як «махлярства», за якое прадугледжана да дзесяці гадоў пазбаўлення волі. Таксама праваахоўнікі раяць у падобных выпадках запамінаць нумар аўтамабіля дзяўчыны (калі яна была на машыне), яе нумар тэлефона і адметныя знешнія прыкметы, а таксама неадкладна звярнуцца ў міліцыю.

Как вам новость?
Головоломки