Міліцыя затрымала групу, што нападала на прадаўцоў BMW X5

08.12.2010 09:07
Архив Редакция

Крымінальная міліцыя МУС Беларусі спыніла дзейнасць злачыннай групы з чатырох чалавек, якія ў кастрычніку напалі на полацкага прадаўца аўтамабіля BMW Х5 і спрабавалі завалодаць машынай. Верагодна, злачынцы таксама маюць дачыненне да знікнення мінчука, які 19 лістапада паехаў прадаваць машыну аналагічнай маркі і дадому не вярнуўся.

Як паведамілі ў міністэрстве ўнутраных спраў, машыну прадаўца з Полацку злачынцам сагнаць не ўдалося, нягледзячы на тое, што завалодаць BMW яны спрабавалі з дапамогай рамяня і прадмета, падобнага да пісталета. Аднак аўтамабіль не завёўся, а ягоны гаспадар аказваў супраціў. У выніку зламыснікі ўцяклі з месца злачынства.

Праз два тыдні гэтая ж злачынная група абрабавала сталічную кватэру па вуліцы Куйбышава, пагражаючы яе жыхарам пісталетам нявызначанага ўзору. Гаспадар кватэры быў збіты, а яго жонка — звязаная.

Злачынцы дзейнічалі асцярожна і выкарыстоўвалі міліцэйскую форму

Усе чацвёра злачынцаў з’яўляюцца расійскімі грамадзянамі 1973, 1981, 1985 і 1988 гадоў нараджэння. Аднаго з іх аператыўнікі нядаўна затрымалі на тэрыторыі Беларусі, дваіх — у Расійскай Федэрацыі. Чацверты фігурант быў арыштаваны вечарам 2 снежня ў Вялікіх Луках Пскоўскай вобласці Расіі.

Па інфармацыі МУС РФ, чацвёрка здзейсніла шэраг злачынстваў, ужываючы, у тым ліку форму супрацоўніка міліцыі.

У дадзены момант галоўнае ўпраўленне крымінальнага вышуку МУС Беларусі працягвае аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, паколькі лічыць, што крымінальная група датычная да іншых злачынстваў. У прыватнасці, да здзейсненага не так даўно ў Мінску: гэта крадзеж з ужываннем гвалту аўтамабіля Mercedes-Benz 16 лістапада і знікненне уладальніка BMW Х5 19 лiстапада разам з іншамаркай.

Усталяванне асоб злачынцаў і іх затрыманне кантраляваў асабіста міністр унутраных спраў Беларусі Анатоль Куляшоў. У працы быў задзейнічаны таксама расійскі МУС. Крымінальная чацвёрка дзейнічала вельмі дакладна і прадумана. Злачынцы думалі пра сваю бяспеку — усе яны прыязджалі праз мяжу інкогніта, часта змянялі сродкі сувязі.

злачынцы разам.jpgУсіх, хто пазнае ў гэтых тварах бандытаў альбо валодае інфармацыяй аб іх злачынных дзеяннях, супрацоўнікі міліцыі просяць патэлефанаваць па тэлефонах: (017) 2185276, ( 017) 2187914, 80293270021, 80296226224 або 102.

Аб зніклым уладальніку BMW X5 да гэтага часу няма ніякіх вестак

Нагадаем, увечары 19 лістапада 28-гадовы мінчук Андрэй Барысаў паехаў паказаць пакупнікам свой аўтамабіль BMW X5 і дадому не вярнуўся. Да гэтага часу няма ніякай інфармацыі пра месцазнаходжанне ні маладога чалавека, ні яго машыны.

Андрей Борисов биг.jpgЯк распавяла «Камсамольскай праўдзе ў Беларусі» жонка зніклага Аксана, у той вечар Андрэй быў дома, яму патэлефанавалі невядомыя і папрасілі сустрэцца, каб паглядзець аўтамабіль. Сустрэчу прызначылі на аўтастаянцы каля гіпермаркета «Мацярык» недалёка ад станцыі метро «Каменная горка», куды прадавец і адправіўся. Потым Андрэй не браў трубку, а ўначы тэлефон стаў недаступны.

«У той жа вечар мы напісалі заяву ў міліцыю. Ужо потым стала вядома, што Андрэю тэлефанавалі з таксафона метро «Каменная Горка», — дадала Аксана.

Сябар Андрэя Барысава Дзяніс распавёў, што пошукі маладога чалавека пакуль не далі выніку. «Каля гіпермаркета не ўстаноўлены відэакамеры, якія маглі б засняць, што адбываецца на стаянцы. А супрацоўнікі аховы крамы нічога не бачылі. На выходных мы абышлі паўгорада. Андрэй не мог так проста знікнуць: не патэлефанаваць, з’ехаць», — упэўнены ён.

На дадзены момант па факце знікнення Андрэя Барысава ўзбуджаная крымінальная справа, малады чалавек аб’яўлены ў рэспубліканскі вышук. Аператыўнікі займаюцца таксама пошукам яго машыны.

У інтарэсах следства інфармацыя па гэтай справе не выдаецца.

«Па адной з версій малады чалавек стаў ахвярай злачынцаў, аб’ектам для нажывы якіх быў аўтамабіль. Выдаваць іншую інфармацыю па справе мы пакуль не маем права ў інтарэсах следства. Мы прапрацоўваем усе магчымыя варыянты», — адзначыў намеснік начальніка РУУС Фрунзенскага раёна Мінску Сяргей Якубель.

МУС: на сустрэчу з пакупнікамі аднаму прыходзіць небяспечна

Міліцыя таксама просіць прадаўцоў аўтамабіляў быць вельмі асцярожнымі і дамаўляцца аб сустрэчах з патэнцыйнымі пакупнікамі толькі днём і ў людных месцах. Рэкамендуецца таксама прыходзіць на сустрэчу разам з сябрамі або сваякамі.

Удзельнікі форуму «Як засцерагчы сябе пры продажы/куплі аўто?» на сайце Onliner.by прапануюць таксама:

— На першую сустрэчу ўзяць толькі частку сумы ў якасці залогу за аўтамабіль (да 300 даляраў), а астатняе альбо дамовіцца прывесці ў наступны раз, альбо аддаць сваяку, які б непадалёк назіраў за сітуацыяй;

— Разлічыцца з прадаўцамі ў спакойнай абстаноўцы (напрыклад, у банку — адразу ж пасля зняцця грошай з рахунку);

— Стварыць рахунак у банку і прадаўцу, і пакупніку, затым перавесці грошы;

— Калі дамовіліся разлічвацца ў рублях, а не ў замежнай валюце, то можна перадаваць грошы ў ДАІ, дзе будзе афармляцца дамова;

— Аформіць дамову куплі-продажу ў натарыуса і там жа перадаць грошы;

— Разлічвацца ўдваіх у закрытай машыне, недалёка ад якой знаходзяцца сябры;

— Сустракацца ў месцах, дзе ўсталяваныя відэакамеры, не заязджаць «у лес» на тэст-драйв;

— Паведаміць тэлефоны пакупнікоў блізкім, падтрымліваць з імі сувязь і час ад часу (праз дзесяць хвілін) рабіць ім кантрольныя званкі; загадзя абгаварыць нейкія кодавыя фразы на той выпадак, калі бандыты будуць кантраляваць званок;

— Не згаджацца куды-небудзь падвезці прадаўца (асабліва ў спальныя раёны або прыгарад), пасля разліку.

Прымаць падобныя меры раяць тыя форумцы, якім прыходзілася прадаваць або купляць аўтамабіль. Яны таксама пішуць пра тое, што дадзеныя меры засцярогі не беспадстаўныя, паколькі асноўны попыт на беларускія машыны ідзе менавіта з Расіі.

Выпадак з Андрэем Барысавым не адзінкавы

Так, інтэрнэт-карыстальнік Maxell з Мінску на форуме Onliner.by у пасце за 24 лістапада распавёў, як сустрэўся са злачынцамі, што нападалі на ўладальнікаў іншамарак, яго знаёмы.

«Сёння знаёмы распавядаў са словамі «другі дзень нараджэння можна адзначаць». Тэлефанавалі з таксафона каля гіпермаркета, прасілі пад’ехаць да ўваходу са словамі «ў нас няма мабілы, там сустрэнемся». Паглядзелі машыну, спыталі «на яме паглядзець», потым сказалі, як звычайна, «падумаем». Яго яшчэ тады здзівіла, што на машыну не асабліва глядзелі, а глядзелі на яго пільна… А ў яго рэпа яшчэ тая: няголены, у кепцы, трэніках», — адзначыў удзельнік форуму.

Праз некалькі дзён прадаўцу аўтамабіля зноў патэлефанавалі — ужо з міліцыі.
«Раз’ехаліся, а потым праз пару дзён патэлефанавалі з Фрунзенскага РУУС, папрасілі пад’ехаць. Распавялі, што знікла тры чалавекі, прадаўцы Х5 2001-2003, паказалі фоткі падазраваных. Вось калі ён двух пазнаў, тады і дайшло пра дзень нараджэння… У РУУС распавялі, што дзейнічае група з чатырох чалавек, усе ролі выразна распісаны. Яму крута пашанцавала», — рэзюмаваў Maxell.

Аб выпадку з зусім іншымі наступствамі сведчыць ўдзельнік форуму MuXaCb.

«Сумны досвед. Мой знаёмы гады тры таму ў Магілёве з’ехаў Mercedes паказваць… Труп знайшлі праз некалькі месяцаў у лесе толькі пасля таго, як дваіх адмарозкаў затрымалі ў РФ пры спробе прадаць машыну. Ім тупа не было на чым было дадому ў РФ даехаць», — піша ён.

Як ужо пісаў Тэлеграф, у пасёлку Прывольны Мінскага раёна быў забіты дырэктар кампаніі па продажы аўтамабіляў «Глобал Аўта Сіці». 57-гадовага мінчука знайшлі мёртвым 16 кастрычніка пасля таго, як кіраўнік фірмы застаўся ў будынку фірмы на ноч ахоўваць маёмасць. Па звестках міліцыі, напярэдадні адбылася ўгода па продажы машыны. Труп быў знойдзены з агнястрэльным раненнем галавы.

Па дадзеным факце была заведзеная крымінальная справа, а пазней па падазрэнні ў забойстве дырэктара «Глобал Аўта Сіці» затрымалі двух чалавек. Аднак ніякіх абвінавачанняў ім прад’яўлена пакуль што не было.

Как вам новость?
Головоломки