Міліцыя ўзбудзіла справу па факце пажару на складзе мінскага заводу

11.05.2010 16:33
Архив Редакция

Следчы аддзел папярэдняга расследавання Фрунзенскага РУУС сталіцы ўзбудзіў крымінальную справу па частцы 3 артыкула 304 КК РБ (Парушэнне правілаў пажарнай бяспекі) па факце пажару на складзе Мінскага заводу вылічальнай тэхнікі. Пра гэта паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама.

Калі інфармацыя пра пажар паступіла ў галоўнае ўпраўленне ўнутраных спраў Мінгарвыканкама, на месца здарэння выехалі супрацоўнікі міліцыі Фрунзенскага РУУС, якія ачапілі тэрыторыю і эвакуявалі ўвесь персанал заводу.
Супрацоўнікі ДАІ тым часам кіравалі патокамі аўтамабіляў, забяспечваючы тым самым бесперашкодны праезд пажарных разлікаў сіл МНС. 
У міліцыі паведамілі, што на месцы здарэння працягвае працу следча-аператыўная група Фрунзенскага РУУС, ГУУС і Пракуратуры. Апытваюцца сведкі, устанаўліваюцца ўсе акалічнасці здарэння.
Як раней паведамляў Тэлеграф, паведамленне пра пажар на Заводзе вылічальнай тэхнікі па вуліцы Прытыцкага, 62 паступіла 11 траўня ў 09:05. У 09:50 падчас ліквідацыі пажару на складзе адбылося абвальванне даху, у выніку чаго пад заваламі апынулася сямёра супрацоўнікаў МНС. У 11:35 пацярпелыя былі дастаныя з-пад завалаў і з целавымі пашкоджаннямі рознай ступені цяжкасці дастаўлены ў лякарню хуткай медыцынскай дапамогі.
Пры тушэнні пажару загінулі чацвёра пажарнікаў. Як паведамляе прэс-служба міністэрства па надзвычайных сітуацыях, двое працаўнікоў МНС памерлі ў лякарні, яшчэ двое — на месцы, падчас рэанімацыйных мерапрыемстваў.

Как вам новость?
Головоломки