Мілінкевіч: аб прарасійскім кандыдаце даведаемся пазней

08.07.2010 15:53
Архив Редакция

Лідар Руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч, кажучы аб адзіным кандыдаце ад дэмакратычных сілаў на выбарах прэзідэнта Беларусі, заявіў, што «сёння галоўнае не столькі «хто», а «куды». "Не "хто" мае магчымасць замяніць Лукашэнку, а па якім шляху новы кіраўнік павядзе Беларусь", — сказаў палітык, дадаўшы, што пра расійскага кандыдата стане вядома крыху пазней.

«Ён не будзе на словах ні прарасійскі, ні празаходні і паспрабуе аб’яднаць пратэстны электарат не на пазітыўнай беларускай ідэі, а па прынцыпе «супраць каго сябруем», — цытуе Аляксандра Мілінкевіча прэс-служба Руху «За Свабоду».

Пры гэтым палітык лічыць, што прабеларускія сілы павінны прадэманстраваць адказнасць, аб’яднацца і прапанаваць сваю мадэль беларускай дзяржавы, сваё бачанне будучыні краіны, незалежнай і еўрапейскай.

«Выбараў як такіх у Беларусі няма, — адзначыў Аляксандр Мілінкевіч. — Таму вельмі важна выкарыстоўваць палітычную кампанію на мабілізацыю людзей, пашырэнне зносінаў з імі. Вялікае спакуса — байкатаваць так званыя выбары. Гэта пазіцыя маральная. Але ва ўмовах аўтарытарнай дзяржавы гэты сцэнар павінен мець вельмі сур’ёзныя аргументы, а не быць абгрунтаваным толькі «правільнай пазіцыяй».

«Ва ўмовах сур’ёзных эканамічных праблемаў у краіне, становіцца верагодным прыход да ўлады і новага папуліста, прарасійскага, напрыклад. Важна, каб усе разумелі, што ідзе барацьба не толькі за правы чалавека, але і за незалежнасць краіны, якую мы лёгка можам страціць», — лічыць лідар Руху «За Свабоду».

У заключэнне Аляксандр Мілінкевіч адзначыў: «Вось чаму я не магу пагадзіцца з тымі, хто лічыць, што «грошы не пахнуць» і рыхтуюцца праводзіць кампанію на расійскія грошы. Бо рана ці позна будзе прад’яўлены рахунак з вядомым патрабаваннем».

Как вам новость?
Головоломки